Рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне «Пэрспэктыва» падало заяўку ў Менгарвыканкам на правядзеньне 15 сьнежня ў Менску маршу прадпрымальнікаў.

У заяўцы ад імя васьмі актывістаў гаворыцца, што мітынгам і шэсьцем удзельнікі акцыі хочуць «прыцягнуць увагу ўладаў на невыканальныя ўмовы, якія чакаюць індывідуальных прадпрымальнікаў ад 1 студзеня 2009 года».

Лідэр «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка заявіў:

«Мы як і раней заяўляем, што мы гатовы да канструктыўнага дыялёгу. І нагнятаньне абстаноўкі ў сфэры бізнэсу сёньня ва ўмовах фінансавага крызысу ня выгадна нікому. Таму мы адмовімся ад правядзеньня маршу, калі выйдзе ўказ прэзыдэнта аб захаваньні ранейшых умоваў працы для прадпрымальнікаў ад 2009 года. А калі не, то ў нас проста не застаецца выйсьця. Учора спадар Тур заявіў, што індывідуальныя прадпрымальнікі згубяць льготы пры ўвозе тавараў з Расеі. Таму, калі хочаце, гэта наш адказ уладам. І мы спадзяемся моцна і аргумэнтавана гэты адказ прадэманстраваць».

Адносна таго, што мітынг плянуецца правесьці на плошчы Бангалор, спадар Шумчанка сказаў, што для арганізатараў «важна прадэманстраваць пазыцыю людзей і як мага большай колькасьці, і няма мэты сутыкненьняў зь міліцыяй».

«Мы гатовы змагацца. І людзі таксама настроены на барацьбу», - адзначыў А.Шумчанка.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0