Школа №1 Фаніпаля ўпершыню абвясціла прыём у першыя класы з навучаннем на беларускай мове. Заявы ад бацькоў прымаюцца да 25 жніўня. Умова — калі збярэцца 20 заяў ад бацькоў будучых першакласнікаў, беларускамоўнаму класу быць.

Але… За два дні да канца прыёму дакументаў на стале ў дырэктара тры заявы.

«Яшчэ тры сям’і вагаюцца, баяцца, што дастатковай колькасці ахвотных не набярэцца», — расказала Яніна Грыневіч, мама будучай першакласніцы, якая і была ініцыятаркай таго, каб беларускамоўны клас з’явіўся ў Фаніпалі.

«Пачала я прыходзіць у школу яшчэ зімой. Тады дырэктарка мне не сказала «так», але і не адмовіла. Сказала, што ў красавіку будзе агульнашкольны бацькоўскі сход, на якім і агучыць бацькам маю прапанову».

Яніна красавіцкага сходу дачакалася, але чаканняў той сход не апраўдаў.

«Дырэктарка на сходзе падкрэсліла, што школа рускамоўная. І што, у прынцыпе, у нас раўнапраўе моваў. Казала, што ў пачатковай школе на вывучэнне рускай і беларускай мовы роўна выдзяляецца па тры гадзіны».

Яніна вырашыла шукаць аднадумцаў, дабівацца свайго праз аддзел адукацыі.

«Начальніца аддзела адукацыі параіла мне напісаць заяву ў школу. Але і падаць заяву аказалася не проста. Завуч школы ледзьве не са скандалам адмаўлялася ў мяне яе прымаць, тлумачыла тым, што школа рускамоўная і ўся дакументацыя ў іх вядзецца па-руску. Я тады падумала, добра, што я пайшла падаваць заяву без дачкі. Як мне было б тлумачыць шасцігадоваму дзіцяці, што яе не хочуць вучыць па-беларуску?»

Дачку Яніны завуць Аліна. Дзяўчынка дома размаўляе па-руску і па-беларуску.

«Са мной — па-беларуску, з татам — па-руску. У маёй сям’і таксама так было. Тата размаўляе выключна па-беларуску, мама — на рускай мове. Але калі Аліне было чатыры-пяць годзікаў, я задумалася. Неяк забірала яе з садка, гутарылі па-беларуску, і мне Аліна заяўляе: «Мама, говорі со мной по-нормальному». У сэнсе? Я тады і задумалася, што калі цяпер не патлумачыць дзіцяці, што ў нас ёсць свая адметная мова, то далей зрабіць гэта будзе цяжэй. Таму адназначна вырашылі, што вучыцца дачка павінна па-беларуску».

Цяпер Аліне шэсць з паловай гадоў і больш яна «гаварыць па-нармальнаму» не просіць. Чытае вершыкі на беларускай мове, ведае шмат казак. Гуляе з дзецьмі ў двары ў гульню: «Як гэта будзе па-беларусу?»

«Мы раіліся з дачкой, пыталіся ў яе, на якой мове яна хоча вучыцца. Дачка тады сказала: «Нашто мне вучыцца па-руску, я і так ведаю гэтую мову. Вучыце мяне па-беларуску».

Але на сёння асаблівага аптымізму ў Яніны няма.

«На сайце школы абвестку пра тое, што ідзе набор у беларускамоўныя класы напісалі па-руску. Дырэктар школы абяцала, што дапаможа з распаўсюдам інфармацыі, а ў выніку мы з мужам друкавалі абвесткі на сваім хатнім прынтары і самі расклеівалі іх па Фаніпалі. А завуч да гэтага часу незадаволеная, што мы напісалі заяву на навучанне па-беларуску».

Калі вы жыхар Фаніпаля, і хочаце, каб ваша дзіця пайшло ў беларускамоўны клас, звяжыцеся, калі ласка, з Янінай Грыневіч або непасрэдна з адміністрацыяй школы:

Тэлефон Яніны: +375 (29) 504-32-06.

Тэлефоны ў Фаніпалі 8-01716 94-100 (дырэктар), 8-01716 94-104 (намеснік дырэктара) па 25 жніўня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?