Сустаршыня Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Анатоль Лябедзька сёньня выступае на форуме Кран‑Мантана. Паседжаньне праходзіць у Парыжы, у будынку Нацыянальнай асамблеі Францыі.

Тэма дыскусіі — стан карупцыі ў сьвеце. Сярод удзельнікаў сустрэчы міністры і намесьнікі міністраў юстыцыі, пракуроры і іх намесьнікі з шэрагу краінаў. А.Лябедзька запрошаны на форум у якасьці спэцыяльнага госьця. Як паведаміў ён «Свабодзе» па тэлефоне з Парыжу, «афіцыйных асобаў з Беларусі тут няма».

Форум штогод праводзіць сваё галоўнае мерапрыемства ў гарадку Кран‑Мантана (Швэйцарыя). Акрамя таго пэрыядычна арганізуюцца міжнародныя сустрэчы па якой‑небудзь вострай праблеме. Менавіта ў гэтым фармаце і праходзіць і згаданы парыскі форум.

Цікава, што сёньня ж нараду ў справе барацьбы з карупцыяй праводзіць у Менску Аляксандар Лукашэнка.

«Transparency International» ужо шмат гадоў вымярае індэкс успрыманьня карупцыі насельніцтвам розных краінаў сьвету. Дасьледаваньні гэтай арганізацыі сьведчаць пра тое, што карупцыя ў Беларусі ва ўспрыманьні беларусаў за апошнія гады рэзка вырасла: пры канцы 1990‑х краіна была сярод 50 дзяржаваў, найменш карумпаваных з пункту гледжаньня грамадзянаў. У 2006 годзе яна была на 151‑м месцы са 163‑х, у 2007 — на 150‑м месцы са 180‑ці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?