На хутары арганізатара канцэртаў Уладзіміра Шаблінскага здарыўся чарговы пажар.
Першы раз хутар гарэў у 2013 годзе, за тыдзень да фестывалю «Вольнае Паветра». Тады згарэў стары драўляны дом.
У 2014 годзе ізноў перад фестывалем невядомыя спрабавалі падпаліць машыну Шаблінскага.
І вось увечары 16 жніўня загарэўся так званы «сарай-бар «Малако». Пабудова выгарала цалкам.
Па словах гаспадара, пашанцавала з накірункам ветру, каб ён быў бы іншым, то хутар згарэў бы цалкам. Плюс хутка прыехалі пажарныя з Валожына.
Сам Шаблінскі кажа, што пасля першага пажару яшчэ былі падазрэнні: можа, вінаватая кепска зробленая печка? Цяпер ён упэўнены, што агонь гуляе па «Шаблях» не проста так. І вінаватых не знойдуць.
«Трагедыя, паўтораная зноў і зноў — ператвараецца ў фарс. Трэці падпал прыкладна ў адзін і той жа час за пяць гадоў запар — ужо проста смешна. Ваша задача прыбраць нас з краіны — недасяжная. Усё, што нас не забівае — робіць нас мацней», — напісаў у сваім фэйсбуку Шаблінскі.