Амаль палова жыхароў Мінска лічаць, што жорсткія публічныя меры пакарання за карупцыю садзейнічалі б яе пераадоленню.

Такія звесткі апытання грамадскай думкі апублікаваў сацыялагічны цэнтр ТАА «Люстэрка‑Інфа» (zerkalo‑info.com).

Як паведамляе «Люстэрка‑Інфа», 24—30 кастрычніка 2008 года сацыялагічным цэнтрам у межах рэспубліканскага сацыялагічнага даследавання ажыццёўлены зандаж грамадскай думкі жыхароў сталіцы. Па прапарцыянальна‑квотнай выбарцы апытаныя больш за 500 рэспандэнтаў ва ўзросце 14 гадоў і старэйшыя. Падкантрольныя параметры: пол, узрост, адукацыя. Памылка рэпрэзентатыўнасці — у межах 1%.

Рэспандэнтам прапаноўвалася адказаць на пытанне: «У некаторых краінах, напрыклад у Кітаі, Іране і Нігерыі, абвінавачанне ў карупцыі мае вынікам жорсткае пакаранне — часцей за ўсё смерць.
Прымяняюцца і іншыя віды пакаранняў, такія як адсячэнне частак цела. Публічныя пакаранні дэманструюцца па тэлебачанні. Як Вы лічыце, у Беларусі такая мера магла б садзейнічаць пераадоленню карупцыі?»

«Безумоўна так» і «хутчэй так» адказалі 21,6 і 27,0% рэспандэнтаў адпаведна, што ў суме складае 48,6%. «Хутчэй не» і «безумоўна не» — 21,4 і 19,2% адпаведна, што складае 40,6%.

Пры гэтым большасць мінчан не падтрымліваюць ідэю публічнага пакарання абвінавачаных у карупцыі.
Безумоўна падтрымалі б гэтую ідэю толькі 7,4%, а хутчэй падтрымалі б — 18,4% апытаных. Хутчэй не падтрымалі б гэтую ідэю 28,3%, а безумоўна не падтрымалі б — 36,4% рэспандэнтаў.

Калі б мінчане валодалі звесткамі аб карупцыі, у першую чаргу яны б праінфармавалі праваахоўныя органы (33,2%), сродкі масавай інфармацыі (14,0%), праваабарончыя і іншыя грамадскія арганізацыі (9,5%). Па 7,6% у гэтым пытанні набралі мясцовыя органы ўлады, асабіста прэзідэнт і адказ «не стаў бы паведамляць ні пры якіх умовах».

Кіраўнік сацыялагічнага цэнтра ТАА «Люстэрка‑Інфа» Леанід Міхейчыкаў у гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН зазначыў, што «ў мінчан заўсёды своеасаблівы падыход». «З аднаго боку, людзі выступаюць за экстрэмальныя і радыкальныя дзеянні ў барацьбе з карупцыяй. Але калі гэта тычыцца непасрэдна іх і іх дзяцей — энтузіязм значна змяншаецца», — сказаў Л.Міхейчыкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?