Місія Міжнароднага валютнага фонду (МВФ), якая прыбыла ў Мінск 27 кастрычніка для абмеркавання пытання аб выдзяленні крэдыту, прадоўжыць кансультацыі з уладамі Беларусі.

Аб гэтым БелаПАН паведамілі ў беларускім прадстаўніцтве МВФ.

Ад каментароў адносна ходу і падрабязнасцей перамоўнага працэсу ў прадстаўнцітве МВФ устрымліваюцца.

Місія, якую ўзначальвае пастаянны прадстаўнік МВФ у Расіі Невен Мацес,

планавала завяршыць працу ў Мінску да 6 лістапада. Аднак гэтага не адбылося. Наадварот, 8 лістапада да яе працы далучыўся намеснік дырэктара Еўрапейскага дэпартамента МВФ Юха Каканен.

Нагадаем, з просьбай выдзеліць рэзервовы крэдыт у памеры 2 млрд. долараў ЗША да МВФ у канцы кастрычніка звярнуўся Нацыянальны банк Беларусі. Крэдыт неабходны для папаўнення золатавалютных рэзерваў, сцвярджаюць у Нацбанку.

За кастрычнік міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі, разлічаныя па стандартах МВФ, скараціліся на 68,1 млн. долараў і на 1 лістапада 2008 года склалі 4 млрд. 51,8 млн. долараў ЗША.

Скарачэнне золатавалютных рэзерваў працягваецца ўжо трэці месяц.
Так, за 10 месяцаў 2008 года золатавалютныя рэзервы Беларусі скараціліся на 130,4 млн. долараў (3,1%), у той час як па выніках першага паўгоддзя іх прырост склаў 442 млн. долараў (10,6%).

Між тым, 30 кастрычніка намеснік старшыні праўлення Нацбанка Васіль Мацюшэўскі заявіў, што пытанне выдзялення крэдыту МВФ для Беларусі «не з’яўляецца крытычным», ён закліканы адыграць ролю «падушкі бяспекі».

У кіраўніцтве МВФ, у сваю чаргу, зазначаюць, што сусветны фінансавы крызіс негатыўна адбіўся на беларускай эканоміцы і яе доступе да знешніх крыніц фінансавання. Так, змяненні ўмоў гандлю ўжо адмоўна паўплывалі на плацёжны баланс краіны.

12 лістапада на прэс‑канферэнцыі ў Рызе прэм’ер‑міністр Сяргей Сідорскі заявіў, што рашэнне МВФ аб выдачы крэдыту Беларусі чакаецца бліжэйшым часам. «Мы разумеем, што фінансавы крызіс, які сёння назіраецца ў свеце, адаб’ецца на працы і беларускай фінансавай банкаўскай сістэмы. Гэта цяпер бачна на прыкладзе краін Еўрапейскага саюза і тых краін, з якімі мы сёння гандлюем», — зазначыў С.Сідорскі.

Аляксей Арэшка, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0