Месяц фатаграфіі ў Мінску — гэта 18 выстаў фатографаў і фотакалектываў з 10 краін на 7 сталічных пляцоўках і аўдыторыя больш за 500 000 чалавек. Гэта прапанова паразважаць пра фатаграфію як феномен, інструмент і нагода для дыялогаў, дыскусій і абмену досведам. Вось ужо пяты год каманда фестывалю трымае беларускую публіку ў інтэлектуальным тонусе — нечаканымі канцэпцыямі, праектамі з самых розных куткоў зямлі і знакамітымі гасцямі.

Чжан Кечун. Людзі, якія перасякаюць Жоўтую раку з фотаздымкам Мао Цзэдуна. Хэнань, 2012.

Чжан Кечун. Людзі, якія перасякаюць Жоўтую раку з фотаздымкам Мао Цзэдуна. Хэнань, 2012.

З 2016 года Месяц фатаграфіі ў Мінску выбудоўваецца вакол прапанаванай камандаю тэмы: у 2017-м ёю стаў панятак «калектывізацыя», у 2016-м — апазіцыя «цэнтр — перыферыя». Тэма гэтага года, магчыма, таксама шмат каго здзівіць. Збольшага з намерам нагадаць публіцы першапачатковае прызначэнне фатаграфіі, але і каб адзначыць уласную першую пяцігодку, у 2018-м Месяц фатаграфіі ў Мінску заяўляе ў якасці сэнсавага ядра юбілей.

Да інтэрпрэтацыі юбілею ўдзельнікі і ўдзельніцы асноўнай фестывальнай экспазіцыі на Кастрычніцкай, у новай прасторы легендарнай «Галерэі Ў», падыдуць па-рознаму. Пра яго будуць разважаць як пра адну з вех, што адлюстроўвае асноўныя этапы чалавечага жыцця, як пра свята лакальнага сямейнага маштабу і як пра элемент нацыянальных культур розных краін і кантынентаў. Пачынаючы з вясельных традыцыяў Кітая 1985—2005 (Тама Савэн), каталогу інтэр’ераў літоўскіх загсаў (Вілма Самулёніце) і архіву тыповых сямейных свят у Польшчы (Пшэмыслаў Пакрыцкі) і заканчваючы выставай, прымеркаванай да гадавіны трагічнага сыходу Стэнлі Грына.

В. Марцыёнка. Фотакарэспандэнты СМІ падчас здымкаў парада, 1970.

В. Марцыёнка. Фотакарэспандэнты СМІ падчас здымкаў парада, 1970.

У межах фестывалю ў Мінску будзе паказаны самы знакавы праект амерыканскага фотажурналіста — «Чорны пашпарт», унікальны досвед сведкі і ўдзельніка найважнейшых падзей на тэрыторыі былога СССР, ва Усходняй Еўропе, Афрыцы, Паўднёвай Амерыцы і Блізкім Усходзе трох апошніх дзесяцігоддзяў.

У цэнтральную экспазіцыю таксама ўвойдуць праект «Страчаныя тэрыторыі» польскага фотакалектыву Sputnik, які ў 2017 годзе адзначыў свой 10-гадовы юбілей, маштабная серыя фатографа Эдварда Кэртыса — калекцыянера партрэтаў індзейцаў і здымкаў Дзікага Захаду, у якім налічваецца некалькі тысяч выяваў, а таксама выстава даўняга госця фестывалю Матыяса Гардэра, які вывучае тэму кветак у сучаснай фатаграфіі.

Упершыню ў фестывалі возьме ўдзел фатограф з Кітая Чжан Кэ Чунь, аўтар нашумелага праекту і фотакнігі «Жоўтая рака», якія адлюстравалі тры гады ягоных падарожжаў на складным ровары ўздоўж легендарнай Хуанхэ.

Юбілей як фатаграфічную тэму, якая цікавіць аўтараў з Беларусі і Расіі, у экспазіцыі рэпрэзентуюць архіўныя выставы «59/82. Адкрытыя звесткі беларускай фатаграфіі» (куратаркі — Антаніна Сцебур і Ганна Самарская), «Дзявочы вечар» (калектыў VEHA) і фотакніжная выстава «Год свабоды» (куратарка Ала Міроўская з калектыву Russian Independent Self-published). Такім чынам, на адной пляцоўцы будуць побач здымкі, якія адлюстроўваюць перыяд аматарскага клубнага руху Беларусі сярэдзіны мінулага стагоддзя, архіўныя вясельныя здымкі з сямейных альбомаў беларусаў і беларусак, а таксама 13 фотакніг, якія інтэрпрэтуюць юбілей як «асаблівы час для вольных разваг пра важнае».

Margrit Smulders, Bloody Roses, The Netherlands 2007

Margrit Smulders, Bloody Roses, The Netherlands 2007

Упершыню ў гісторыі Месяца фатаграфіі ў Мінску асноўная экспазіцыя будзе даступная і невідушчым людзям. Куратарка і актывістка Наталля Кавалевіч, якая сама не бачыць, адмыслова арганізуе інклюзіўны маршрут: кіруючыся ім, здымкі можна будзе «прачытаць» з дапамогай гукаў і пахаў.

На шлюбных традыцыях беларусаў засяродзіцца праект «Беларускае вяселле: абрад, носьбіт, песня» (куратаркі — Дзіна Даніловіч і Настасся Даніловіч) у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. Фотагалерэю з калекцыі кабінету традыцыйных музычных культур Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі будзе суправаджаць гукавы шэраг — «галасы» герояў вясельных здымкаў. Таксама ў межах выставы дэманструецца фільм «Радзівілаўскае вяселле» (аператар А. Глушко, фота — А. Мікус, відэамантаж — Д. Касцюкевіч). Яшчэ адзін праект, які закранае тэму вяселля, будзе паказаны ў Брэсце, у прасторы «КХ». Даследуючы феномен утылітарнай фатаграфіі ў інтэрнэце, Раман Трацюк сутыкае традыцыйныя вясельныя здымкі, зробленыя на гэтым свяце, з элементамі супрэматызму.

Пяты Месяц фатаграфіі ў Мінску працягвае традыцыі, закладзеныя на фестывалях мінулых гадоў. Серыю альбомаў «Бібліятэка МФМ» дапоўніць новая публікацыя: каталог з працамі класіка беларускай фатаграфіі, аднаго з заснавальнікаў фестываляў «Фотаграфіка», педагога і публіцыста Юрыя Васільева.

Гледачам будзе прапанаваная і шырокая адукацыйная праграма: лекцыі, прэзентацыі і аўтарскія экскурсіі ад Андрэ Пэрльштэйна, Пшэмыслава Пакрыцкага, Антаніны Сцебур і Ганны Самарскай, Алы Міроўскай і Лены Холкінай. Для ахвотных лепш разабрацца ў сваіх сямейных архівах і пераўтварыць іх у фотакнігі ў межах Месяца фатаграфіі ў Мінску пройдзе аднадзённы майстар-клас ад удзельніц калектыву Russian Independent Self-published. 

Праграма 2018

Пры падтрымцы амбасады Францыі ў Беларусі, Польскага інстытуту ў Мінску, Інстытуту імя Гётэ ў Мінску, ды галерэі сучаснага мастацтва «Ў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0