У чацьвер старшыня кобрынскай гарадской суполкі МФ Алесь Страчук і ягоны намесьнік Алесь Кабач сустрэліся зь першым сакратаром БРСМа ў Кобрыне Ўладзімерам Вярбіцкім і ад імя Маладога Фронту прапанавалі супрацу ў кірунку беларусізацыі кобрынскай моладзі.
«Нас успрынялі вельмі спакойна і адэкватна, — кажа Алесь Страчук.— Прадстаўнік БРСМу, цікавы малады чалавек 23‑25 год, пагадзіўся з тым, што зараз беларуская мова і культура знаходзіцца ў заняпадзе і яе неабходна папулярызаваць, найперш, у моладзевых колах. Мы дамовіліся на шэраг культурніцкіх мерапрыемстваў, праўда, з абмоўкаю, што мы ня будзем афішаваць і прапагандаваць свае палітычныя погляды…», — усьміхаецца Алесь.
***
Найперш, БРСМ будзе дапамагаць праводзіць у гарадах мерапрыемствы ў межах кампаній «БЕЛАРУСКУЮ КНІГУ — ДЗЕЦЯМ!», «ЗА МТС ПА‑БЕЛАРУСКУ!», арганізоўваць сустрэчы з гісторыкамі і грамадзкімі дзеячамі, праводзіць беларускія дыскатэкі з музыкаю на роднай мове.