22 жніўня бойка ў Гомелі скончылася трагедыяй: адзін мужчына загінуў, іншага павезлі на «хуткай».

Суседзі распавядаюць — 49-гадовы Генадзь «адпачываў» у сябе ў кватэры ў кампаніі 28-гадовага хлопца і жанчыны. Каля 6 гадзін вечара яны выходзілі з хаты. Купіўшы спіртное ў найбліжэйшай краме, вярнуліся назад. Малады чалавек хутчэй за ўсё быў кватарантам, які жыў у Генадзя. Увесь гэты час асаблівага шуму ў кватэры не было.

Каля 21.50 скрываўлены малады чалавек выбег на лесвічную пляцоўку і ўпаў. У вобласці шыі ў яго была рана. Як кажуць жыхары дома, ён сцвярджаў, што «баіцца» Генадзя. Жанчына, якая была ў кампаніі, гучна крычала. Суседзі выклікалі міліцыю і хуткую дапамогу. Каля 22.00 да дома прыбылі міліцыянеры ў бронекамізэльках і з аўтаматычнай зброяй, а таксама дзве машыны хуткай дапамогі. Гаспадар кватэры быў знойдзены мёртвым у сябе дома.

Па паведамленнях відавочцаў, здарэнне выглядала наступным чынам. Пасля сумеснага распівання спіртных напояў паміж мужчынамі ўзнікла сварка. Паводле папярэдніх даных, першым разануў нажом Генадзь. У адказ малады чалавек нанёс яму некалькі нажавых раненняў, ад якіх пацярпелы памёр. Падазраваны, якому дапамаглі медыкі, затрыманы.

Генадзь меў некалькі судзімасцей. Пасля смерці маці жыў адзін. Па словах жыхароў дома, ён жыў замкнута.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?