Сёньня беларускія каталікі ўсходняга абраду распачалі перадкалядны пост – Піліпаўку. Гэты пост доўжыцца сорак дзён, рыхтуючы вернікаў да сустрэчы сьвята Раства Хрыстовага.

Традыцыя пасьціцца перад Раством усталявалася найперш на хрысьціянскім Захадзе, ужо ў V ст. Тады пост пачынаўся ад дня сьвятога Марціна (11 лістапада), але ў IX стагодзьдзі быў скарочаны папам Рыгорам VII. Зь цягам часу перадкалядны пост у каталікоў заходняга абраду атрымлівае назву «адвэнт», і распачынаецца 1 сьнежня.

На хрысьціянскім Усходзе практыка перадкаляднага посту ўпершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах VIII ст. Доўгі час ягоная працягласьць заставалася нявызначанай і спрэчнай. Нарэшце, Сабор 1166 году ў Канстантынопалі прыпісвае вернікам трымаць саракадзённы пост перад Раством Хрыстовым, загадаўшы распачынаць яго пасьля дня сьвятога апостала Піліпа.

Царкоўнае паданьне сьцьвярджае, што

сьвяты Піліп перад сваёй мучаніцкай сьмерцю прасіў у Бога пакараньня для сваіх катаў. За гэта яму была абвешчана пакута – немагчымасьць цягам сарака дзён пасьля сьмерці ўвайсьці ў рай.
Таму сьвяты Піліп прасіў іншых апосталаў, каб яны пасьцілі за яго сорак дзён, а апосталы даручылі саракадзённы пост усім вернікам.

У наш час Царква з розных прычынаў ўлагодніла досыць строгія патрабаваньні да посту. Перадкалядны пост, тым ня менш, застаецца моцным сродкам духоўнай падрыхтоўкі да годнай сустрэчы Хрыста, які нараджаецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?