Беларусь будзе будаваць сваё далейшае супрацоўніцтва з Міжнародным валютным фондам у залежнасці ад таго, ці выдасць МВФ крэдыт, які запытвае краіна, заявіў 11 лістапада Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю газеце The Wall Street Journal.
Тэлеверсію інтэрв’ю ўвечары 14 лістапада паказаў Першы канал беларускага тэлебачання.

Нагадаем, Беларусь запытала ў МВФ рэзервовы крэдыт у памеры 2 млрд. долараў ЗША. У краіне працягвае працаваць місія фонду.

«Цяпер не дадуць — дык мы будзем з гэтага зыходзіць у супрацоўніцтве з МВФ, — сказаў А.Лукашэнка. — Калі ў гэтай сітуацыі, пры нашай сітуацыі (а яна не такая, як у іншых дзяржавах, якім яны выдаюць крэдыты) яны нам не дапамогуць, то навошта нам гэтае супрацоўніцтва? Мы з’яўляемся членам МВФ, узносы плацім, рэгулярна прысутнічаем на пасяджэннях Міжнароднага валютнага фонду. Дык навошта гэта, калі да нас будзе такое стаўленне?»

Ён зазначыў, што перамовы адносна крэдыту з МВФ завяршаюцца, «наш прагрэс яны прызналі па ўсіх кірунках». «Так, яны нам робяць некаторыя заўвагі, часам справядлівыя, і мы на іх неадкладна рэагуем», — заявіў А.Лукашэнка. Паводле яго слоў, адной з заўваг МВФ стала павышэнне ў лістападзе ва ўмовах крызісу заработнай платы: «Але ў нас людзі не такія багатыя, нават калі мы і павысілі гэтую заработную плату, дык гэта не нашмат. Яны маюць рацыю, што ва ўмовах крызісу заработную плату не павышаюць. Аднак мы гэтае рашэнне прынялі яшчэ да фінансавага крызісу ў Еўропе і Амерыцы. Таму яго цяпер адмяняць няправільна».

Другая заўвага Міжнароднага валютнага фонду, зазначыў прэзідэнт, тычыцца нізкага ўзроўню аплаты насельніцтвам камунальных паслуг. Паводле яго слоў, «наша насельніцтва не такое багатае, каб цалкам аплачваць камунальныя паслугі». «Хоць мы паступова і павышаем гэтую плату. Паціхеньку і мы, як і вы, прыйдзем з часам да таго, што наша насельніцтва будзе на 100% разлічвацца за камунальныя паслугі. Ну, а пакуль гэта не так, і заўвагі гэтыя мы прымаем», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?