Размяшчэнне расійскіх ракетных комплексаў «Іскандэр» на тэрыторыі Беларусі не будзе спрыяць захаванню стабільнасці ў еўрапейскім рэгіёне. Пра гэта заявіў 14 лістапада афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Роберт Вуд, каментуючы выказванні Аляксандра Лукашэнкі ў інтэрв’ю газеце The Wall Street Journal.

«Мы ўжо шматразова заяўлялі, што сістэма ПРА не скіравана супраць Расіі або Беларусі», — сказаў Р.Вуд.

Прадстаўнік Дзярждэпартамента падкрэсліў, што Злучаныя Штаты «хацелі б больш цесна супрацоўнічаць і мець добрыя адносіны з Беларуссю і беларускім народам». «І мы працягваем заклікаць урад Беларусі выконваць свае міжнародныя абавязацельствы ў сферы свабоды сходаў і правоў чалавека. Для паляпшэння адносін Беларусь павінна іх выконваць», — заявіў Р.Вуд.

У інтэрв’ю The Wall Street Journal А.Лукашэнка заявіў, што Беларусь плануе ў перспектыве паставіць на ўзбраенне аператыўна‑тактычныя ракеты «Іскандэр» — «як толькі ў нас з’явяцца грошы».

Беларускі прэзідэнт падкрэсліў, што падтрымлівае Расію ў яе адказе на амерыканскую ПРА ў Еўропе, які мае на ўвазе размяшчэнне ракет «Іскандэр» у Калінінградскай вобласці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?