Пра віленскую выставу Юліі Дарашкевіч піша Андрэй Дынько.

Сваякі палітвязьняў гадзінамі чакаюць магчымасьціперадаць перадачу каля турмы на Акрэсьціна. Беларусь, Менск, сакавік 2006.Фота Юліі Дарашкевіч з выставы ў ЭГУ, Вільня.

Сваякі палітвязьняў гадзінамі чакаюць магчымасьці
перадаць перадачу каля турмы на Акрэсьціна. Беларусь, Менск, сакавік 2006.
Фота Юліі Дарашкевіч з выставы ў ЭГУ, Вільня.

На ўстанаўленьне аўтакратычнай дыктатуры беларускае грамадзтва адказала доўгатэрміновым, рацыянальным супрацівам. Нават праз 13 гадоў пасьля яе трыюмфу, замацаванага зманіпуляванымі рэфэрэндумамі, у Менску адбываюцца дэманстрацыі пратэсту. У розных гарадах кватэры й хаты, дзе працуюць інтэлектуальныя асяродкі, трымаюць свае дзьверы адкрытымі. Вольскі ладзіць канцэрты uncensored на хутарах і ў клюбіках, а

дзе-небудзь у глушы Валожынскага раёну на бэтоннай клетцы аўтобуснага прыпынку можна натрапіць на падрыўны надпіс «Цені ня маюць голасу».

У ХІХ стагодзьдзі ў Беларусі адбываліся сялянскія бунты і шляхецкія паўстаньні за аднаўленьне грамадзянскіх правоў, забраных тыраніяй. Пад уплывам расейскай і ўкраінскай рэвалюцый, сусьветных войнаў і інсьпіраваныя суседнімі дзяржавамі, у ХХ стагодзьдзі ў Беларусі ўтвараліся партызанскія рухі. Аўтарытарызму ХХІ стагодзьдзя, такому ж непрымальнаму, процістаіць рух негвалтоўнага супраціву – зрух негвалтоўнага супраціву, сьвята, якое заўжды з намі.

Нават тыя, кім многія з вас, студэнтаў, прафэсараў, касмапалітаў, віленчукоў, пагарджаюць, ужо ня тыя.
Яны выйшлі і не прыйшлі, яны мяняюць звычкі і ўзьнімаюць сьцягі, бог ведама якія сьцягі, часта яшчэ правінцыйна, неталерантна, спрагла, з жывёльным вігорам, як футбольныя фанаты на Кастрычніцкай – усё яшчэ Кастрычніцкай – плошчы. Яны таксама хочуць стаць героямі. Новая нацыянальная ідэнтычнасьць, часта інтуітыўная, уся з пачуцьця супярэчнасьці, яшчэ ружавеючы ад каляніяльных комплексаў, саромеючыся сваёй каштоўнасьці, выбудоўвае новую рэчаіснасьць.
Героі чакаюць сваіх фатографаў, унікальнае баіцца прайсьці незаўважаным, прайсьці незаўважаным азначае не ўваскрэснуць.
Буслы на даху разбуранага саветамі касьцёлу ў Зембіне, яскрыстае купальле ў Ракаве, подзьвіжная легенда зь пяску – гэта толькі фон, надвор’е, дэкор для шэксьпіраўскіх жарсьцяў.

Дарашкевіч спавядае клясыку. Яна фатограф клясычнага часу і таму аддае перавагу клясычнай кампазыцыі і рытміцы здымкаў. Схіліцеся перад гэтай клясыкай: цяжка быць фотарэпарцёрам у сваёй айчыне.

Дарашкевіч мае перавагу перад намі, бо яна раз на пяць гадоў можа зьняць Лукашэнку, але Сасіма і мы можам зьняць штодзень. Нудзізм (ня блытаць з нудызмам) чырвона-зялёных парадаў і яшчэ нясьмелы карнавал Дажынак – усё гэта наш час, гэтага больш няма анідзе, аніяк, аніколі. І Акрэсьціна – о! Акрэсьціна. Яны душаць, але нашы сьцягі высока.

Героі маюць права быць задакумэнтаванымі. Дарашкевіч стараецца іх разгадаць, высока іх узьнімае або фіксуе іх мізэрнасьць,
і гэтае інтэлектуальнае намаганьне робіць яе мастачкай.

* * *

«Ад Белоруссіі да Беларусі», ЭГУ, будынак Унівэрсытэту Ромэрыса, вул. Валакупю, 5. Выстава працуе да 1 сьнежня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?