23 траўня: допыты ў Воршы

Пракуратура адмовілася выпускаць экс-кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна з-пад варты: тэрмін сьледзтва працягнуты да 1 ліпеня. Абаронцы лідэра БСДП(Г) прасілі зьмяніць меру стрыманьня на іншую, не зьвязаную зь зьняволеньнем: яны спасылаліся на тое, што сьледчыя дзеяньні з удзелам Казуліна не вядуцца, а сам ён не ўяўляе пагрозы грамадзтву.

Наваполацкая недзяржаўная газэта «Химик» атрымала афіцыйнае папярэджаньне ад Мінінфармацыі, датаванае 12 траўня. Газэту вінавацяць, што надрукавала шэраг рэклямных абвестак пра ліцэнзаваную дзейнасьць без пацьверджаньня рэклямадаўцам права на ажыцьцяўленьне такой дзейнасьці, чым парушыла арт.30 закону «Аб друку і іншых СМІ». Галоўны рэдактар Сяргей Балай кажа, што ва ўсіх згаданых публікацыях такое пацьверджаньне было, і мае абскарджваць папярэджаньне.

У аршанскую пракуратуру выклікалі Сяргея Каржова і Максіма Булыгіна: іх дапытвалі пра дзейнасьць незарэгістраванага «Маладога фронту». Некалькі дзён перад тым на такі ж допыт выклікалі Ігара Казьмерчака.

Берасьцейскія ўлады забаранілі распаўсюджваць у абласной бібліятэчнай сетцы кнігу Міколы Казлоўскага «Ўкраінскае адраджэньне на Берасьцейшчыне ў 80–90-х гадах XX стагодзьдзя», выдадзеную ўва Ўкраіне.

24 траўня: Сасім – вязень сумленьня

«Міжнародная Амністыя» абвесьціла Мікіту Сасіма, асуджанага на 3 месяцы зьняволеньня, вязьнем сумленьня.

Сяргея Чыгрына, намесьніка галоўнага рэдактара «Газеты Слонімскай», выклікалі ў міжраённую пракуратуру: пракурораў цікавіў артыкул Чыгрына «Чыноўнікі мяняюцца, а горад застаецца» пра кадравыя перастаноўкі чыноўнікаў.

Суд Чыгуначнага раёну Гомелю задаволіў скаргу Андрэя Аксёнава, затрыманага 12 красавіка, і пастанавіў вярнуць яму канфіскаваныя тады газэты «Товарищ».

Асуджаны Лідзкім судом на 6 месяцаў арышту актывіст АГП Іван Крук абскардзіў вырак.

Гарадзенскі гарвыканкам заявіў гарадзкой суполцы незалежнага прафсаюзу РЭП, што лічыць немэтазгодным ставіць яе на ўлік.

У Гомелі суполцы РЭП у аўтапарку №1 адмовілі ў пастаноўцы на ўлік праз адсутнасьць «дастатковых падставаў».

У аршанскую пракуратуру выклікалі старшыню Свабоднага прафсаюзу мэталістаў (СПМ) Васіля Леўчанкава: памочніка пракурора спн.Корсак цікавілі прафсаюзныя дакумэнты суполкі СПМ на ўнітарным прадпрыемстве «Лёс».

25 траўня: справа Ляшкевіча

Магілёўская абласная пракуратура дапытала як сьведкаў у справе «Маладога фронту» шклоўскіх актывістаў Валера Шапалава, Тацяну Буланаву, Алега Шэпана.

Андрэй і Кацярына Толчыны (муж і жонка) з Гомелю адмовіліся сплачваць штрафы, накладзеныя на іх за грамадзкую дзейнасьць: адміністрацыйная камісія Савецкага раёну Гомелю аштрафавала іх на 5 базавых велічыняў кожнага за «распаўсюд друкаваных выданьняў, вырабленых з парушэньнем вызначанага парадку».

Гэтаксама ў Сьветлагорску Натальля Бордак адмовілася плаціць штраф у 2 б.в., накладзены за тое, што падчас выбарчай кампаніі плякат А.Мілінкевіча 5 хвілінаў стаяў «у непрызначаным месцы».

Моладзевую актывістку Любоў Кучынскую дапытаў сьледчы пракуратуры Цэнтральнага раёну Аляксандар Бачыла паводле ейнай заявы на незаконныя дзеяньні АМАПу: дзяўчыну зьбілі 10 траўня падчас разгону акцыі ў памяць Юр’я Захаранкі так, што яна трапіла ў больніцу з дыягназам «гіпэртанічны крыз». «Сьледчы, – кажа дзяўчына, – не цікавіўся абставінамі зьбіваньня, а палохаў яе крымінальнай справай за «заведама хлусьлівыя паказаньні».

У Шчучынскім райсудзе 25 траўня пачаўся разгляд справы Сяргея Ляшкевіча, якога зьвінавацілі ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў. У якасьці доказаў абвінавачаньня на судзе фігуравалі дакумэнтальны фільм «Звычайны прэзыдэнт» і відэакліпы зь фільму «Незвычайны канцэрт» з сцэнамі разгону дэманстарцыяў у Менску. 29 траўня Ляшкевіча прызналі вінаватым і прысудзілі да 5 месяцаў арышту.

Старшы ўпаўнаважаны крымінальнага вышуку РУУС Цэнтральнага раёну Менску дапытаў лідэра АГП Анатоля Лябедзьку наконт ягонага выкраданьня 26 красавіка. Лябедзька падаваў заяву ў гарадзкую пракуратуру, але тая перанакіравала дакумэнт у пракуратуру Цэнтральнага раёну, а адтуль заява трапіла ў РУУС.

Мін’юст падаў у Вярхоўны суд заяву, каб прыпыніць дзейнасьць РГА «Беларускі Хэльсынскі камітэт»: праваабаронцаў вінавацяць у парушэньні заканадаўства і ўласнага статуту. Мін’юст лічыць, што арганізацыя накіравала назіральнікамі на парлямэнцкія выбары ў кастрычніку 2004 г. асобаў, якія не ўваходзілі ў БХК, выкарыстоўвала жылыя памяшканьні для юрадрасоў філіяў і парушыла падатковае заканадаўства.

26 траўня: бел-чырвона-белы сьцяг на матчы

Па справе «Маладога фронту» ў Першамайскую пракуратуру Менску на допыт выкліканы Ўладзімер Дубовік.

Менгарсуд з ініцыятывы Менгарвыканкаму ліквідаваў пратэстанцкую царкву «Запавет Хрыста», якая існавала з 1994 г. Падставай стала адсутнасьць юрадрасу: суполка зарэгістраваная на прыватнай кватэры пастара Георгія Вязоўскага. Гэта чацьвертая ліквідаваная пратэстанцкая суполка за 2006 г.

У Гомелі падчас футбольнага матчу паміж моладзевымі зборнымі Беларусі й Расеі быў затрыманы грамадзкі актывіст Зьміцер Жалезьнічэнка. Хлопец прыйшоў падтрымаць сваю каманду, але АМАПаўцы затрымалі яго за тое, што накінуў сабе на плечы нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг. У пастарунку на яго склалі пратакол за «выкарыстаньне незарэгістраванай сымболікі».

У Мастах сьледчы РАУС Дзьмітры Кулак дапытаў у якасьці сьведкі моладзевую актывістку Вікторыю Салей у справе незарэгістраванай арганізацыі незалежнага назіраньня «Партнэрства». Сьледчы намаўляў Вікторыю, каб 29 траўня наведала ваўкавыскі аддзел КДБ для размовы, але яна адмовілася ехаць бяз позвы. Дзяўчыне заявілі, што дазвольны штамп на выезд за мяжу (якога яна чакае ўжо другі месяц) паставяць у пашпарт толькі пасьля размовы ў КДБ.

У Бабруйску на сэсіі гарсавету аднагалосна звольнілі з працы дырэктара Ленінскага раённага жылкамунгасу, дэпутата, грамадзкага актывіста Вячаслава Сьвізунова за «невыкананьне загадаў, ігнараваньні нарадаў». Сам ён на паседжаньні сэсіі не прысутнічаў: быў шпіталізаваны з інсультам. Дэпутаты гарсавету не захацелі чакаць, пакуль Сьвізуноў выйдзе з больніцы. Сьвізуноў узначальваў гарадзкія філіі БНФ, Беларускай асацыяцыі журналістаў, выдаваў і рэдагаваў недзяржаўную газэту «Крынічка бабруйская». Ленінскі жылкамунгас Бабруйску ўзначаліў у сакавіку 2005 г., але ў лістападзе 2006 г. яго адхілілі ад дырэктарства: згоду на гэта тады далі таксама дэпутаты гарсавету. Бабруйскі гарсуд у студзені 2006 г. прызнаў звальненьне незаконным і аднавіў Сьвізунова на пасадзе.

Моладзевых актывістаў Юр’я Гаўрыленку і Андрэя Станкевіча адміністрацыйная камісія Жлобінскага райвыканкаму аштрафавала на 2 б.в. кожнага: 11 траўня іх затрымалі асобы ў цывільным, завезьлі ў пастарунак (дзе трымалі 5 гадзінаў) і зьвінавацілі ў вывешваньні абвестак у непрызначаных для гэтага месцах ды распаўсюдзе друкаваных выданьняў, «вырабленых з парушэньнем вызначанага парадку».

29 траўня

У Гомелі суд Чыгуначнага раёну задаволіў скаргу прафсаюзнага актывіста Аляксандра Еўсейчука: ён патрабаваў прызнаць незаконным адміністрацыйнае пакараньне і скасаваць штраф 5 б.в., накладзены адміністрацыйнай камісіяй за распаўсюд звароту да работнікаў аўтапарку №1.

Дырэктара Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, зарэгістраванага ў Літве, Алега Манаева выклікалі ў Генпракуратуру: сьледчы Станіслаў Новікаў цікавіўся «незаконнай» дзейнасьцю не зарэгістраванага ў Беларусі НІ-СЭПД і сацыялягічнымі дасьледаваньнямі Манаева наконт вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Варта нагадаць, што зьвесткі, атрыманыя групай сацыёлягаў пад кіраўніцтвам А.Манаева, рэзка разыходзяцца з вынікам, абвешчаным Лідзіяй Ярмошынай.

Пракуратура Заводзкага раёну не знайшла парушэньняў у дзейнасьці супрацоўнікаў спэцпадразьдзяленьня па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз», якія 25 сакавіка затрымалі А.Казуліна. Палітык скардзіўся, што яму траўмавалі руку кайданкамі і абыходзіліся зь ім абразьліва. Затое ў адказе пракуратуры называюцца імёны байцоў, што затрымлівалі кандыдата ў прэзыдэнты: гэта А.Дзядкоў, К.Цюшэўскі, І.Сафін, І.Бялясьнікаў, А.Баразінец. Каманду затрымліваць Казуліна даваў камандзір «Алмазу» Мікалай Карпянкоў, які ў той самы дзень пазьней страляў у машыну Юр’я Радзівіла. Ва ўсім гэтым удзельнічала намесьніца кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёну Н.Гардзяюк, якая сустракала А.Казуліна на ўваходзе.

АШ

Глядзі яшчэ:

Акцыя памяці ў дзень трагедыі на Нямізе

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0