Прэм'ерныя паказы оперы «Саламея», запланаваныя ў Мінску на 9 і 10 верасня, адмененыя.
Як паведамілі «Нашай Ніве» ў Вялікім тэатры оперы і балета, пастаноўка «Саламея» перанесеная на месяц — яе нібыта маюць паказаць у кастрычніку.
Рашэнне аб гэтым прынятае літаральна сёння.
З кулуарных размоваў артыстаў вынікае, што прычынай пераносу стаў «ліст вернікаў» у Адміністрацыю прэзідэнта з просьбай не дапускаць пастаноўку.
У Адміністрацыі, маўляў, узялі паўзу.
Раней рэжысёр Міхаіл Панджавідзэ прасіў дазвол у мітрапаліта Паўла на пастаноўку оперы «Саламея» ў Мінску.
«Мы звярнуліся да патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі за згодай на пастаноўку. І нічога ў гэтым дзіўнага няма. Мітрапаліт Павел папрасіў, каб я яму расказаў, як бачу гэты спектакль. Я растлумачыў, што ў самой оперы «Саламея» нічога распуснага і антыклерыкальнага няма. Але ў ёй прысутнічае неўрастэнічны кантэкст, які стварае адчуванне нейкай эмацыйнай распушчанасці. Насамрэч п'еса Уайльда глыбока рэлігійная, і ў ёй вельмі дакладна выказана тое, пра што мы ўвесь час кажам і будзем казаць. У оперы «Саламея» мы гаворым пра гісторыю заходняй і хрысціянскай цывілізацыі, пра тое, што яна ўжо зноў гіне, як гінула калісьці», — казаў ён.
Саламея — гэта гістарычны персанаж. Праз яе, нібыта, забілі Іаана Хрысціцеля.