Пікет у абарону башкірскае мовы.

Пікет у абарону башкірскае мовы.

Фінансавы крызіс стаў нагодай для нечаканай крытыкі расейскімі рэгіёнамі фэдэральнага цэнтру, а таксама прапановаў вярнуцца да ідэі стварэньня ў Расеі сапраўднай фэдэрацыі. Пра новы ўздым незалежніцкіх рухаў у Паволжы піша Сяргей Богдан.

На фінансавы крызіс накладаецца фатальнае для Расеі значнае зьніжэньне цэнаў на нафту. Фатальнае, бо менавіта прыбыткі ад экспарту нафты і газу складаюць асноўную частку даходаў расейскага бюджэту, як некалі савецкага. Ягор Гайдар назваў кропкай пачатку распаду СССР 13 верасьня 1985 году, калі на сусьветных рынках пачалі падаць цэны на нафту. Таму і сёньняшняе патаньненьне нафты ня пройдзе незаўважным для Расеі. Адным з наступстваў можа стаць аслабленьне цэнтральнай улады і чарговы рывок залежных ад Расеі нацыяў да самастойнасьці.

Татарстан і Башкартастан патрабуюць правоў

Прэзыдэнт Татарстану Мінтымэр Шайміеў у сваім пазачарговым пасланьні да Дзяржрады на мінулым тыдні прызнаў, што крызіс зачапіў татарскую эканоміку і вінаватыя ў тым расейскія дзяржаўныя банкі ды іх палітыка. Спаслаўшыся на словы Дзьмітрыя Мядзьведзева, што «расейскі фэдэралізм мае патрэбу ў далейшым разьвіцьці» і «аптымальны балянс разьмежаваньня паўнамоцтваў паміж фэдэрацыяй і рэгіёнамі» яшчэ не дасягнуты, Шайміеў заявіў, што прыняты летась абноўлены варыянт дамовы аб разьмежаваньні паўнамоцтваў паміж Масквой і Казаньню «пакуль не напоўнены рэальным зьместам».

Падтрымлівае суседа прэзыдэнт Башкартастана Муртаза Рахімаў, які пры канцы кастрычніка ў сваім пасланьні ўдзельнікам канфэрэнцыі «Фэдэралізм як рэсурс разьвіцьця расейскай дзяржаўнасьці ХХІ стагодзьдзя» зазначыў, што «годным адказам на выклік фінансавага крызысу маглі б стаць аднаўленьне раней дэмантаваных элемэнтаў фэдэралізму, устараненьне дысбалянсу паміж цэнтрам і суб’ектамі Фэдэрацыі».

На думку Рахімава, на пачатку 1990‑х гадоў ва ўмовах распаду СССР якраз ідэі фэдэралізму выратавалі расейскае адзінства. «Тады фэдэралізм стаў гарантам тэрытарыяльнай цэласьці краіны, яе разьвіцця на прынцыпах дэмакратыі, рынку і самастойнасьці».

«За апошнія васемнаццаць гадоў Башкартастан пераканаўча давёў, што, валодаючы рэальнымі правамі і магчымасьцямі, можна дасягнуць многага. Перакананы, што патэнцыял фэдэралізму далёка ня вычарпаны, і яго наступнае ўдасканаленне – гэта стратэгічны рэсурс вялікай Расеі».

Рахімаў мае на ўвазе прыняцьце 18 гадоў таму Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Рэспублікі Башкартастан 11 кастрычніка 1990 году, паводле якой усе багацьці Башкірыі належаць народу краю, а з Расеяй усталёўваюцца дамоўныя адносіны. У 2007 годзе фэдэральны цэнтар адмовіўся працягнуць дамову аб разьмежаваньні паўнамоцтваў з Башкірыяй.

Рахімаў рыхтуе нацыю

Расейскі друк прыпісвае Рахімаву спробу ціснуць на фэдэральны цэнтар праз нацыянальныя арганізацыі – БНЦ «Урал», СБМ (Саюз башкірскай моладзі), але цяпер перш за ўсё праз «Кyк бyре» («Нябесны воўк» — kyk-byre.ru). Невялікая пакуль арганізацыя «Нябесных ваўкоў» складаецца перадусім з спартоўцаў, але сярод яе гучных сёлетніх ініцыятываў была кампанія супраць зносу археалягічнага помніка і за абавязковае выкладаньне башкірскай мовы ў школах.

Пасьля грузінскіх падзеяў лідэры арганізацыі Азат Сальманаў і Цімур Мухтараў выступілі з заявай, у якой абвінавацілі Крэмль у падвойных стандартах, маўляў, Масква падтрымлівае асяцінаў і абхазаў, але ігнаруе башкірскі народ дый паводзіць сябе як «імпэрыяліст‑калянізатар ў дачыненьнях з карэнным насельніцтвам».

Татарстан мае ня меншыя правы на свабоду, чым Абхазія ці Асеція, — заявіў Татарскі грамадзкі цэнтар, галоўны легальны асяродак татарскіх нацыяналістаў.

Азат Сальманаў выказваецца яшчэ больш рашуча: «Пара ўпыніць Маскву, якая прывыкла думаць і вырашаць, што рабіць башкірам. Сёньня башкірам не даюць захаваць сваю мову – заўтра не дадуць захаваць Рэспубліку ды скасуюць наш народ наагул. Такая імпэрская палітыка ідзе ад часоў уваходжаньня башкіраў у Расею і працягваецца да сёньня. Будзе правільна назваць сёньняшнюю Расею Расейскай імпэрыяй, дзе няма ўмоваў для разьвіцьця карэнных народаў».

Зрэшты, другі сузаснавальнік руху, 31‑гадовы юрыст Цімур Мухтараў, адмаўляе, што ў задачы «ваўкоў» уваходзіць атрыманьне незалежнасьці. Нехта можа абмяркоўваць такую магчымасьць прыватным чынам, але праз законы па барацьбе з экстрэмізмам небясьпечна зараз казаць такое ў адкрытую.

На старонках «Незавісімой газеты» старшыня кардынацыйнай рады Аб’яднанай апазыцыі Башкірыі Раміль Бігноў сьцьвярджае, што за «рухам «Кук Бурэ» стаяць людзі з клана прэзыдэнта Рахімава, і актывізацыя гэтага руху зьвязаная з хісткім становішчам кіраўніка рэспублікі, якому пагражае хуткі сыход з палітычнай сцэны. Рахімаў спрабуе прыстрашыць Маскву выбухам незалежніцкіх настрояў у Башкірыі і прадставіць сябе адзінай сілай, здольнай гэты выбух стрымаць».

«Практычна за любой нацыяналістычнай арганізацыяй у Башкірыі стаяць людзі, блізкія да прэзыдэнта Рахімава, —
мяркуе таксама аналітык татара‑башкірскай рэдакцыі «Радыё Свабода» Карым Якушаў. — Больш за тое: гэтыя арганізацыі створаныя ўладай, іх задача — зьяўляцца ў патрэбны час у патрэбным месцы і выкрыкваць патрэбныя лозунгі супраць фэдэральных уладаў у падтрымку прэзыдэнта Рахімава. Уладам рэспублікі патрэбныя такія радыкальна наладжаныя людзі, якія зьяўляюцца, як чорт з табакеркі, каб у выпадку неабходнасьці паказваць іх фэдэральным уладам. Маўляў, у нас ёсць радыкалы, і толькі мы можам іх стрымаць».

Як татары страцілі свабоду

У 1990‑я гады Барыс Ельцын прапанаваў рэгіянальным лідэрам «узяць столькі сувэрэнітэту, колькі дадуць рады». Рухі за самакіраваньне разгарнуліся ў шэрагу важных рэгіёнаў: у Татарстане зь яго нафтавай, аўтамабільнай і авіяцыйнай прамысловасьцямі; у Башкартастане, які валодае сур’ёзнымі покладамі прыроднага газу; у Комі, паўночнай рэспубліцы, багатай вугалем.

Татарстан і Башкартастан дамагліся ад фэдэральнага Цэнтру найбольшых правоў і паўнамоцтваў, якія амаль ператварылі іх ў дзьве паўнавартасныя дзяржавы. Абедзьве рэспублікі атрымалі і немалыя фінансавыя ўліваньні з фэдэральнага бюджэту – для іх былі распрацаваныя і рэалізоўваліся адмысловыя фэдэральныя мэтавыя праграмы.

Цікава, што Татарстан ёсьць прыкладам настойлівага імкненьня да незалежнасьці мірным шляхам, гэтаксама як Чачэнія ёсьць узорам узброенага змаганьня. Татары і сёньня адзначаюць дзень канца сваёй дзяржавы, у які ў 1552 годзе Казань пала перад войскам Івана Жахлівага – з гэтай даты пачынаецца гісторыя Расейскай Імпэрыі.

Калі Ельцын прапанаваў сувэрэнітэт, татары рашуча ўзяліся за працу, зацьвярджаючы свае падаткі і ўводзячы свае аўтамабільныя нумары.
Зіхоткія мінарэты ўсё новых і новых мячэтаў пачалі канкураваць з цыбулінамі праваслаўных цэркваў, а ў татарскага насельніцтва зьявіліся свае, татарскія школы. Татарскі парлямэнт пастанавіў, што мясцовыя прызыўнікі не павінны ўдзельнічаць у ваенных дзеяньнях за межамі Паволжа.

Гэта быў час вольнасьці. Барыс Ельцын заключыў дамовы аб разьмежаваньні паўнамоцтваў фэдэральнага ўрада з 46 рэгіёнамі РФ. Пасля абраньня на пост прэзыдэнта Пуціна такая практыка была спыненая. Зь снежня 2001 году да красавіка 2002 году 28 дамоваў з рэгіёнамі былі ануляваныя. У 2003 годзе папраўкі ў закон «Аб агульных прынцыпах арганізацыі заканадаўчых і выканаўчых органаў дзяржаўнай улады суб’ектаў РФ» спынілі дзеяньне ўсіх раней заключаных дамоваў.

Калі Пуцін скасаваў выбары рэгіянальных кіраўнікоў, татарскі прэзыдэнт гучна пратэставаў, называючы рашэньне «гвалтоўным і балючым». Але ў наступныя гады, зазначае на старонках «Нью‑Ёрк Таймз» рэдактар аднае з казанскіх апазыцыйных газэтаў Рынат Ахмэтаў, татарская аўтаномія яшчэ больш звузілася.

«Мы зразумелі, што нашага прэзыдэнта могуць прыбраць у любы момант, на працягу 24 гадзінаў». У той самы час рашэньне Крамля прызнаць Паўднёвую Асецію і Абхазію, кажа Рынат Ахмэтаў, «стварыла прэцэдэнт» набыцьця незалежнасьці. Масква ўпэўненая ў сваім жорсткім палітычным кантролі ў аддаленых рэгіёнах, але гэта можа зьмяніцца, бо «мэханізм самаразбурэньня ўбудаваны ў аўтарытарную сыстэму».

Зрэшты, летась кіраўніцтва Татарстана дамаглося для сябе прывілеі – паміж рэспублікай і фэдэральным цэнтрам быў укладзеная новая дамова аб разьмежаваньні паўнамоцтваў. Такім чынам, рэспубліка стала адзіным рэгіёнам, якому пасьля скасаваньня дамоўных адносінаў з цэнтрам атрымалася прыняць абноўлены варыянт такой дамовы. І хоць дакумэнт 2007 году, у адрозьненьне ад папярэдняй дамовы 1994 году, згубіў практычна ўсё згадкі аб сувэрэнітэце рэспублікі, ён захаваў адмысловы статус Татарстану. Прэзыдэнту Башкірыі ў такім прывілеі было адмоўлена.

Пры ўсім пры тым заўважым, што кіраўнікі Татарстану і Башкартастану зусім не падобныя на незалежнікаў кшталту Джахара Дудаева і не выглядаюць на нацыянальных лідэраў, бо належаць да кагорты позьнесавецкіх кіраўнікоў, вядомай беларусам па постацях Кебіча і Малафеева. Праўда, часы мяняюцца і вось ужо

за Рахімавым праглядаецца дынамічная постаць магчымага будучага башкірскага лідэра – прэм’ера Раіля Сарбаева, які паходзіць з самага нацыяналізаванага рэгіёну Башкартастану – Заўральля, і вызначыўся падтрымкай нацыяналізаваных пачынаньняў.

Башкіры і татары: падзяляй і ўладаруй

Аднак на шляху абодвух паволскіх народаў – татараў і башкіраў – да свабоды можа паўстаць старая праблема – іх узаемныя крыўды. У тэрытарыяльна большым Башкартастане (роўным па плошчы Беларусі без Гарадзенскай і Берасьцейскай абласьцей) жыве і больш людзей (4 100 тысячаў чалавек), чымся ў больш чым удвая меншым па тэрыторыі Татарстане, дзе жыве толькі каля 3 800 тысячаў чалавек. Аднак татары зьяўляюцца дамінантным этнасам Паволжа і башкіры маюць да іх шмат крыўдаў, як да такіх сабе міні‑імпэрыялістаў. Балазе, татары гістарычна былі больш актыўныя ў правядзеньні сваіх інтарэсаў і адстойваньні сваіх правоў.

Сытуацыя башкіра‑татарскага ўзаемадзеяньня збольшага нагадвае адносіны паміж беларусамі і палякамі, прытым на месцы беларусаў знаходзяцца башкіры, а на месцы палякаў – татары. Татара‑башкірскія ўзаеміны абвостраныя дзеля нацыянальнага складу гэтых рэспублікаў, бо ў Башкартастане найбольшай нацыянальнай групай сталі расейцы (36,3%), а колькасьць башкіраў (29,3%) ненашмат перавышае колькасьць татараў (24,1%). Такія суадносіны дазваляюць трымаць тытульную нацыю ў вельмі няпэўным стане што да разьвіцьця ўласнай дзяржаўнасьці.

Сытуацыя ў Татарстане больш адназначная, там татары складаюць 52%, а расейцы – толькі 39,5%.
Але значныя групы татараў жывуць ва ўсіх суседніх адміністрацыйных адзінках Расеі, таму разьвіцьцё татарскай нацыі тармозіцца адміністрацыйнымі перашкодамі, а адносіны з суседзямі ўскладняюцца празь неабходнасьць для Казані пастаянна бараніць правы суродзічаў за межамі Татарстану.

Дагэтуль татары і башкіры падазрона ставіліся адзін да аднаго, але разам з тым

існуе даўняя ідэя аб’яднаньня татараў, башкіраў і чувашоў ды іншых меншых нацыяў Волгі і Ўралу ў рамках адзінай Ідэль‑Уральскай Рэспублікі, якая сапраўды магла б быць жыцьцяздольнай незалежнай дзяржавай.
Кароткія спробы зьдзейсьніць гэты праект былі задушаныя бальшавікамі ў 1920‑х. Але менавіта такога кшталту праекты – супраца меншых нацыяў – могуць стаць новымі пасьпяховамі варыянтамі разьвіцьця нацыянальнага руху народаў Расейскай Фэдэрацыі. Прэцэдэнты ёсьць – ідэя Эміратаў Каўказу, пазычаная сёньняшнімі каўкаскімі партызанамі ў Імама Шаміля, ёсьць ужо зусім рэальнай палітычнай канструкцыяй, што прыйшла на зьмену вузейшым нацыянальным праектам.

Вядома,

рана казаць пра непазьбежнасьць распаду Расеі, але трэба прызнаць немагчымасьць працяглага захаваньня гэтай краіны ў сёньняшняй форме.
Ня кажучы ўжо пра нейкія рэгіянальныя крыўды на сквапны Крэмль, сама цяперашняя сытуацыя народаў Расейскай Фэдэрацыі і росквіт у краіне ксэнафобіі ды адкрытага фашызму адштурхоўвае ад расейскай дзяржавы і прымушае згуртоўвацца ўсіх нерасейцаў – то бок палову жыхароў краіны.

Расісцкія выпады ўжо даўно маюць выгляд ня толькі Руху супраць нелегальнай міграцыі ці «Русского марша», але і зусім канкрэтнай разьні «іншародцаў». Па дадзеных МУС РФ,

за пэрыяд з студзеня да 15 кастрычніка 2008 г. было зафіксавана прынамсі 250 нападаў на глебе ксэнафобіі, вынікам якіх сталі 112 загінулых і прынамсі 337 пацярпелых.
Маштабы праблемы ўказваюць на абыякавасьць расейскіх уладаў да сытуацыі, калі не на спрыяньне чарнасоценным настроям у мэтах кантролю «нярускага» насельніцтва.

Гэта страшныя лічбы для шматнацыянальнай краіны, сьмяротны дыягназ ёй. Дадайце сюды пашырэньне ў апошнія гады партызанскага руху супраціву з Чачэніі на Дагестан, Інгушэцію ды Заходні Каўказ, і становіцца ясна, што Расеі сапраўды сутыкнулася з сур’ёзным выклікам самому яе існаваньню. Дагэтуль Масква сяк‑так трымала краіну разам, дзякуючы росту цэнаў на вуглевадароды, і адпаведным прыбыткам. Але сёньня гэтыя крыніца грошай пачынае высыхаць, а іншай у нашых усходніх суседзяў няма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?