Створана рабочая група па распрацоўцы канцэпцыі Музея вёскі Плябань Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці.

Такое рашэнне прынята на пасяджэнні круглага стала па пытанні канцэпцыі музея, што прайшло 16 лістапада ў рамках агульнабеларускай кампаніі «Будзьма!», паведаміў БелаПАН старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.

Паводле яго слоў, пасяджэнне прайшло пры падтрымцы мясцовых уладаў у будынку былога філіяла Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры (Мінск), што перададзены на баланс аддзела культуры Маладзечанскага райвыканкама.

У пасяджэнні ўзялі ўдзел прадстаўнікі грамадскасці, у тым ліку маладзёжнай ініцыятывы па краязнаўчым вывучэнні і доглядзе за гісторыка‑краязнаўчымі каштоўнасцямі цэнтра сельсавета вёскі Краснае (гістарычнай Краснасельскай ваколіцы) на чале з Вольгай Кастрамінавай, супрацоўнікі Маладзечанскага райвыканкама, а таксама актывісты таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

Удзельнікі пасяджэння разгледзелі пытанні захавання і інтэрпрэтацыі гісторыка‑культурнай спадчыны Краснасельскай ваколіцы, з якой звязана жыццё і дзейнасць вядомых дзеячаў беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку ХХ стагоддзя, у тым ліку паэта Максіма Багдановіча, выдаўца і публіцыста Аляксандра Уласава, мовазнаўцы, перакладчыка, публіцыста і літаратуразнаўцы Браніслава Тарашкевіча.

Апрача таго, на пасяджэнні разглядаліся пытанні канцэпцыі Музея вёскі Плябань.

«Справа ў тым, што ў гэтай установе культуры, якое з’яўлялася філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, экспазіцыя так і не была створана. А будынак вясковага музея быў запраектаваны пад музей нацыянальна‑вызваленчага паўстання супраць рускага царызму 1864—1864 гадоў, канцэпцыя якога так і не была рэалізаваная», — зазначыў А.Астаповіч.

Паводле яго слоў, для вырашэння праблемы далейшай эксплуатацыі гэтага будынка і была створана рабочая група.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0