У Гомелі 17 лістапада супрацоўнікамі праваахоўных органаў затрыманы вадзіцель «Мерседэса», які ў нядзелю ўчыніў наезд на прыпынак грамадскага транспарту «Абласная бальніца».

Як паведамілі БелаПАН у абласным упраўленні ДАІ, у выніку ДТЗ пацярпелі тры чалавекі, якія былі на прыпынку. Адна з пацярпелых памерла ў прыёмным аддзяленні абласной бальніцы. За жыццё шасцігадовай дзяўчынкі, у якой пераломы чэрапа і сківіцы, змагаюцца ўрачы, яе маці знаходзіцца ў цяжкім стане. Машынай быў разбіты таксама вулічны халадзільнік з напоямі, ад чаго таксама пацярпела некалькі чалавек.

26‑гадовы вадзіцель «Мерседэса» ўцёк з месца здарэння, пакінуўшы там свой аўтамабіль. Праз некалькі гадзін па нумарным знаку яго асоба была ўстаноўлена, вінаватага затрымалі. Ці быў ён у час ДТЗ у нецвярозым стане, пакуль не высветлена. У адносінах да падазронага распачата крымінальная справа па частцы 2 артыкула 317 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правілаў дарожнага руху, што выклікала гібель чалавека).

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0