Пасьля вываду вайскоўцаў на тэрыторыі Берасьцейскай крэпасьці вызвалілася 300 гектараў зямлі — унікальны археалягічны і прыродны комплекс. Аблвыканкам усур’ёз думае пра аднаўленьне там гістарычнага цэнтру. Што з гэтага можа выйсьці?

У Берасьцейскім аблвыканкаме абмеркавалі «канцэпцыю стварэньня гістарычна‑культурнага цэнтру на тэрыторыі Берасьцейскае крэпасьці». Гэта стала магчымым з вывадам апошніх вайсковых структураў з тэрыторыі старое фартэцыі. Канцэпцыя прапануе аб’яднаць археалягічны комплекс старажытнага Берасьця, мэмарыял «крэпасьці‑героя» і сучасны абласны цэнтар.

У 2019 г. горад над Бугам будзе сьвяткаваць 1000‑годзьдзе. Разам з вывадам вайскоўцаў на тэрыторыі старасьвецкае крэпасьці вызвалілася ажно 300 гектараў зямлі — унікальны гістарычны, археалягічны і прыродны комплекс.

Па сутнасьці, побач з савецкім ваенным мэмарыялам «крэпасьці‑героя» мусіць паўстаць новы турыстычна‑забаўляльны цэнтар. Сярод іншага, усур’ёз разглядаецца магчымасьць рэстаўрацыі і рэгенэрацыі часткова ацалелых былых кляштараў бэрнардынак і бэрнардынцаў XVII ст… Абмяркоўваючы ідэю канцэпцыі, мэр гораду Аляксандар Палышэнкаў зазначыў, што гэтую тэрыторыю «вырашана не прадаваць па частках». А як прадаваць? І каму?

На паседжаньні каардынацыйнае рады праектныя распрацоўкі прадставіла праектна‑будаўнічае прадпрыемства «Арміг», якім кіруе архітэктар М.Гайдуковіч. Найбольш інтэнсіўна плянуецца забудаваць Кобрынскае ўмацаваньне. Тут маюцца стварыць атракцыён а la «лінія Сталіна», замест састарэлага кемпінгу пабудаваць вялікі гатэльны комплекс, пад руіны колішняе Кобрынскае брамы працягнуць вуліцу Гогаля. Пры ўезьдзе ў крэпасьць пабудуюць вялікія аўтамабільныя паркінгі. Аўтары канцэпцыі прапануюць працягнуць у крэпасьць і чыгунку, каб катацца там на паравозах…

«Прадугледжана ўсё: кавярні і рэстараны, гатэлі, канфэрэнц‑залі, выставачныя памяшканьні», — кажа М.Гайдуковіч. Не зважаючы ні на якія фінансавыя крызісы, аўтары праекту плянуюць пабудаваць тамака ж базу электрамабіляў, канатную дарогу, кола агляду, каб глядзець на Польшчу, то бок на НАТА і ЭС…

Валынскае ўмацаваньне займае плошчу 48 га, і менавіта тут пакуль зьберагаецца бальшыня помнікаў сярэднявечнага Берасьця. Тут захаваліся руіны каталіцкіх кляштараў, сярод якіх найбольшай цэласнасьцю вылучаецца ансамбль кляштараў бэрнардынак і бэрнардынцаў XVII ст., што некалі ўтваралі абрыс усяго гораду, з боку дарогі ва Ўкраіну. Ад іх засталіся часткова сьцены, а таксама падмуркі, сутарэньні, падземныя галерэі. Нам выдатна ведамы выгляд гэтага комплексу дзякуючы шматлікім красьлюнкам, абмерным рысункам, што рабіліся напярэдадні будаваньня крэпасьці. На руках у праектоўшчыкаў і гісторыкаў ёсьць уся дакумэнтальная база, каб аднавіць гэтую частку нашае спадчыны максымальна дакладна і абгрунтавана.

Але апроч таго тутсама праектоўшчыкі прапануюць пабудаваць макет сярэднявечнага Берасьця ў маштабе 1:5. На жаль, ідэя старая і зусім не арыгінальная. Макетамі нікога ня зьдзівіш, і відавочна, што гэта будзе выглядаць марнатраўствам на фоне рэальных помнікаў, якія можна рэстаўраваць. Тутсама, на Валынскім умацаваньні, фірма «Арміг» прапануе ўзнавіць каменна‑драўляны замак з рамесным пасадам (?!), карчмою, млынам і броварам, каб разьмясьціць тут гатэльна‑забаўляльны комплекс.

Чыя гэта будзе ўласнасьць — пытаньне спрэчнае. Бо ўлады і думкі не дапускаюць, што ў рэалі¬зацыі праекту рэгенэрацыі старажытнага сярэднявечнага гораду возьмуць чынны ўдзел уласнымі сродкамі самі яго жыхары. Зрэшты, пакуль таму няма й законных падставаў.

Застаецца пытаньне і пра лёс цэнтральнага востраву, ці Цытадэлі, дзе ў свой час і былі найбольш важныя аб’екты берасьцейскае гісторыі: рынак з ратушай (падмуркі якое нядаўна выявілі), палац Сапегаў, першыя ў Беларусі і ў Вялікім Княстве друкарня, аптэка, манэтны двор, Вялікая сынагога, на ўзор якое, паводле рашэньня вааду 1628 г., трэба было ўзгадняць праекты сынагогаў ва ўсім ВКЛ. У руінах тут да нас дайшлі касьцёл сьвятога Казімера, кляштар езуітаў, базыльянская царква сьвятых Пятра і Паўла, якую перабудавалі ў 1840 г. і назвалі «Белым палацам», дзе бальшавікі падпісалі мір зь Нямеччынай у 1918 г. (царква існавала да 1950 г., пасьля чаго была часткова разабраная, а ў 1972 г. яе аскабалкі былі закансэрваваныя). Што будзе з гэтымі аб’ектамі, побач зь якімі ўжо адбудавалі былы касьцёл аўгустынцаў XVII ст. пад праваслаўны сабор Сьвятога Мікалая? Пакуль няясна.

Каму мусяць належыць адноўленыя комплексы бэрнардынцаў? Што ў іх плянуюць разьмясьціць? Няясна і тое, як можна завяршыць за дзесяць гадоў раскопкі на тэрыторыі 300 га. Роўна ж няяснаю застаецца пэрспэктыва аховы і выкарыстаньня такой вялікай тэрыторыі, што, як магніт, цягне да сябе чорных археолягаў дый проста вандалаў. Бо досьвед Бабруйскае крэпасьці паказвае, што як толькі сышлі вайскоўцы, без належнае варты ўсё было разрабавана й панішчана.

Недахопы цяперашняй канцэпцыі, падрыхтаванай мясцовымі ўладамі кялейна і таемна, вынікаюць зь цьмяных уяўленьняў уладаў пра якасьць і характар Берасьцейскае спадчыны. Гэта й традыцыйны савецкі погляд на ролю дэкаратыўных руінаў «крэпасьці‑героя», адмаўленьне права розных канфэсіяў валодаць месцамі колішніх храмаў, адмаўленьне магчымасьці аднаўленьня ня толькі паасобных аб’ектаў, але й суцэльнага гістарычнага асяродзьдзя…

Гэтаксама слабым бокам прапанаванай канцэпцыі ёсьць балянс экалягічных пэрспэктываў і забаўляльнай індустрыі. Тэрыторыя крэпасьці за паваенныя гады ператварылася і ва ўнікальны прыродны комплекс, дзе, напрыклад, існуе пакуль заказьнік «Барбастэла», што фінансуецца ААН. Гэтая калёнія кажаноў — адна з самых вялікіх у Эўропе. Для Берасьця і сьвету гэта куды важней, чым бэтонныя макеты ці колы агляду. Сёньня тут ці не адзінае ў горадзе месца ціхага і спакойнага адпачынку. Канцэпцыя не праходзіла экалягічнае экспэртызы. Няможна дапусьціць, каб у далейшым праектныя працы вяліся без эколягаў.

Практыка аднаўленьня гістарычных цэнтраў у Эўропе сьведчыць, што гэта працэс складаны і доўгі, які ня церпіць пасьпяшаньня, паказушнасьці. Калі на месцы ўнікальнага археалягічнага і прыроднага рэзэрвату ўзьнікне банальны гандлёва‑забаўляльны цэнтар, гэта будзе калясальнаю стратаю ня толькі дял Беларусі. Ведама ж, гатэлі, паркінгі, крамы — гэта важны і неад’емны элемэнт любога гораду. Але для іх ёсьць у Берасьці месца й па‑за крэпасьцю. Для кола агляду то пэўна!

Але шанец пакуль ёсьць. Берасьце, можа быць, паўторыць подзьвігі Гданьску і Варшавы, падымецца, як той фэнікс, з хлуду «крэпасьці‑героя», калі будуць папярэдне праведзеныя належным чынам археалягічныя, праектныя, будаўнічыя, прыродаахоўныя работы. І тады гэта будзе насамрэч цуд.

Эскізныя рашэньні праекту рэгенэрацыі асноўных гістарычна‑культурных комплексаў павінныя быць распрацаваныя да 1 чэрвеня 2009 г. Час на зьдзяйсьненьне цуду ёсьць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?