Фота СК
Мужчына, які жорстка забіў бацьку з-за 10 рублёў, атрымаў 16 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе Вярхоўны суд. Злачынства адбылося ў вёсцы Вялікая Ухалода Барысаўскага раёна ў студзені, паведамляе Tut.by.
34-гадовы абвінавачаны, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, дома падчас сваркі са сваім бацькам нанёс таму не менш за 25 удараў рукамі і нагамі. 64-гадовы мужчына памёр.
Следства высветліла, што канфлікт паміж сваякамі адбыўся з-за грошай. Напярэдадні абвінавачаны пакінуў 10 рублёў на халадзільніку. Калі даведаўся пра тое, што іх узяў бацька, моцна раззлаваўся і стаў збіваць мужчыну, які ляжаў у ложку.
Абвінавачаны прызнаны вінаватым у забойстве, учыненым з асаблівай жорсткасцю, яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 16 гадоў з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з прымусовым лячэннем ад хранічнага алкагалізму.
Прысуд у законную сілу не ўступіў.





