flickr.com
Заснавальнік WikiLeaks Джуліян Асанж у 2010 годзе падаваў дакументы на расійскую візу, паведаміла агенцтва Associated Press. З адпаведным запытам Асанж звярнуўся ў расійскае консульства ў Лондане.
У матэрыяле AP адзначаецца, што Асанж спрабаваў атрымаць візу ў Расію ў перыяд, калі сутыкнуўся з абвінавачваннямі ў сэксуальных дамаганнях у Швецыі.
Раней WikiLeaks абвінавацілі ў сувязях з расійскімі ўладамі, нагадвае агенцтва. Так, у ФБР заяўлялі, што расейская разведка перадала Wikileaks скрадзеныя шляхам хакерскага ўзлому электронную перапіску кандыдата ў прэзідэнты ад Дэмакратычнай партыі Хілары Клінтан у 2016 годзе, а таксама ад іншых публічных дэмакратычных дзеячаў.
Джуліян Асанж таксама планаваў ўцёкі, вынікае з матэрыялу AP. Яго памочнікі шукалі варыянты прытулку за мяжой. У адной са службовых унутраных запісак калегам WikiLeaks адвакат па правах чалавека Рэната Авіла паведамляла, што «ёсць магчымасць бегчы з краіны на бразільскім караблі». Тым не менш, былы міністр юстыцыі Бразіліі Эдуарда Кардоза паведаміў AP, што ніколі не чуў пра запыт прытулку для Асанжа.





