У Пекіне 17 верасня ў ходзе заключнага раунда складаных і працяглых перамоваў з кансорцыумам кітайскіх пакупнікоў (Sinochem, CNAMPGC, CNOOC) дэлегацыя Беларускай калійнай кампаніі на чале з генеральным дырэктарам БКК Аленай Кудравец дамовілася аб кантрактнай цане памерам 290 даляраў за тону на ўмовах CFR на пастаўку калію ў Кітай па чэрвень 2019 года ўключна.

Як паведаміла прэс-служба БКК, бакам удалося дасягнуць дамоўленасці, якая ў поўнай меры адпавядае існуючым на сусветным калійным рынку павышальным цэнавым тэндэнцыям.

Цана па папярэднім кітайскім кантракце была прыкметна ніжэйшая — 230 даляраў за тону. Эксперты адзначаюць, што ўпершыню кошт кітайскага кантракту роўны індыйскаму, падпісанаму ў жніўні. Традыцыйна Кітай купляў прадукцыю па больш нізкай цане.

«Пагадненне аб цане кітайскага кантракту, несумненна, з'яўляецца чарговым пазітыўным сігналам для калійнай галіны. Гэта добрая цана, і мы ўпэўненыя, што такі ўзровень дапаможа забяспечыць далейшае паступальнае развіццё як рынку КНР, так і сусветнага рынку ў цэлым», - адзначыла Алена Кудравец.

Пагадненне аб цане кітайскага кантракту мае стратэгічнае значэнне, бо Кітай — найбуйнейшы спажывец калію ў свеце, а існуючая ў Кітаі кантрактная сістэма паставак аказвае істотны ўплыў на развіццё сусветнага рынку мінеральных угнаенняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?