Міліцыя абвергла чуткі пра банду педафілаў у Віцебску, паведаміў БЕЛТА афіцыйны прадстаўнік УУС Віцебскага аблвыканкама Віталь Сапроненка.
Апошнім часам у сацыяльных сетках, а часцей у бацькоўскіх чатах распаўсюджваюцца чуткі пра педафілаў, якія завабліваюць дзяцей з дапамогай кацянят. Такія здагадкі з'яўляюцца ў сацсетках па некалькі разоў на год, і штораз у паведамленнях спасылаюцца на папярэджанні з боку МУС.
«Гісторыя з выдуманымі педафіламі і кацянятамі паўтараецца з зайздроснай рэгулярнасцю ўжо на працягу гадоў дзесяці.
Тэкст паведамлення практычна не змяняецца, толькі фатаграфіі на ўлётцы бываюць рознымі — дзесьці дарослыя барадатыя мужчыны, у іншым выпадку маладыя людзі гадоў 20», - растлумачыў Віталь Сапроненка.
Ён падкрэсліў, што ўся гэтая інфармацыя з'яўляецца не больш чым выдумкай. Тым не менш, гэта падстава для дадатковай прафілактычнай гутаркі бацькоў з дзецьмі на тэму асабістай бяспекі.
У 2017 годзе ў Віцебску хадзілі чуткі пра людзей, якія спрабуюць злавіць дзяцей і пачаставаць іх цукеркамі з наркотыкамі.