У польскіх медыя актыўна абмяркоўваюць нядаўні сумесны здымак кіраўнікоў ЗША і Польшчы Дональда Трампа і Анджэя Дуды. Фатаграфію апублікаваў на сваёй старонцы ў твітары амерыканскі прэзідэнт, падпісаўшы: «Сёння для мяне вялікі гонар вітаць прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуду ў Белым доме».
Фота: Twitter.
На здымку прэзідэнты падпісваюць сумесную дэкларацыю аб стратэгічным партнёрстве ЗША і Польшчы, толькі Трамп гэта робіць седзячы, а Дуда стоячы.
Фотаздымак выклікаў абурэнне сярод многіх польскіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў.
Былы прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі заявіў, што яму сорамна, і што такая сітуацыя не павінна мець месца. Таксама ён асудзіў Дуду за намер назваць новую базу ЗША ў Польшчы «Fort Trump», бо базы яшчэ няма і невядома, ці з'явіцца яна ўвогуле.
Спецыялісты па міжнародных адносінах у эфіры польскіх медыя таксама заявілі, што такое падпісанне дэкларацыі — парушэнне дыпламатычнага пратакола.