Беларускі інвестыцыйны форум, які прайшоў 18 лістапада ў Лондане, перасягнуў усе чаканні яго арганізатараў. Пра гэта заявіў прэм’ер‑міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на выніковай прэс‑канферэнцыі ў сталіцы Вялікабрытаніі.

Як паведамляе прэс‑служба ўрада Беларусі, першапачаткова меркавалася, што колькасць удзельнікаў форуму складзе прыкладна 200 чалавек, а ў выніку — перавысіла 370. Пры тым, што ўдзел у форуме быў платным, такая колькасць удзельнікаў сведчыць аб росце цікавасці еўрапейскіх бізнесменаў да Беларусі, лічыць С.Сідорскі.

Ён зазначыў, што ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу краіна прэзентавала рэальныя праекты, паказала адкрытасць эканомікі, якую гэты крызіс закрануў у найменшай ступені.

«Мы зрабілі ўсё, каб яны (інвестары. — БелаПАН.) не толькі пачулі, але і адчулі дух перамен, што адбываюцца ў Беларусі.
Усе ўдзельнікі выказалі меркаванне, што гатовы інвеставаць у нашу краіну. Ёсць вялікая зацікаўленасць інвестараў працаваць у Беларусі, у тым ліку інвестараў з арабскага свету», — сказаў С.Сідорскі.

Кажучы пра канкрэтныя кірункі развіцця супрацоўніцтва паміж беларускімі і еўрапейскімі прадпрыемствамі, прэм’ер‑міністр паведаміў, што падчас яго сустрэч у межах форуму з кіраўнікамі найбуйнейшых еўрапейскіх прадпрыемстваў былі абмеркаваныя асобныя праекты. У прыватнасці, кампанія «Катэрпілар» (ЗША) прапаноўвае перанесці шэраг сваіх вытворчасцей у Беларусь. Былі абмеркаваныя і іншыя праекты, звязаныя з дзейнасцю МАЗа, МТЗ.

Як паведамляе прэс‑служба, падчас візіту ў Лондан С.Сідорскі сустрэўся з дзяржаўным міністрам па справах Еўропы, членам Кабінета міністраў Вялікабрытаніі Кэралайн Флінт, з членамі Палаты грамадаў і Палаты лордаў, а таксама з прадстаўнікамі дзелавых колаў Вялікабрытаніі.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0