Самае прыкрае, што пытаньне пра белы сьцяг залежыць ад камэнданта беларускае фартэцыі. Піша Аляксандар Класкоўскі.

Нашы дзяржаўныя мэдыі вінавацяць за нагнятаньне газавых жарсьцяў «нячэсных» маскоўскіх пісакаў. Адкуль, маўляў, высмакталі аж 200 даляраў кошту (апошняя вэрсія расейскага ўльтыматуму)?

Але, колькі ні спрабуй перавесьці стрэлкі, упартым фактам застаецца тое, што пра эўрапейскія кошты для Беларусі першым сказаў дзядзька Мілер.

Разам з тым маскоўскія дзядзькі выдатна разумеюць, што $200 беларуская эканоміка не пацягне. Чаго ж яны хочуць?

Сярод палітыкаў ды палітолягаў гуляе слоўца «аншлюс». Пра яго высокую імавернасьць кажуць аўтарытэтныя фігуры – ад расейца Піянткоўскага да немца Рара.

Меркаваны мэханізм: беларускага прэзыдэнта схіляць да канстытуцыйнага акту на ўмовах Крамля, астатняе ж будзе справай тэхнікі.

Многім падаецца, што Менск трапіў у пастку саюзнай дамовы. Зьявілася нават вэрсія, што ў дасланым нядаўна канфідэнцыйным лісьце расейскаму калегу прэм’ер Сідорскі прыгразіў дэнансацыяй гэтай дамовы, калі надта задзяруць газавыя кошты.

Тут можна згадзіцца зь дзяржаўнай прэсаю: ніхто Сідорскаму гуляць у такія гульні не дазволіць. Бо ў краіне, як вядома, толькі адзін палітык. І вось ён, калі што, сапраўды можа адстраляцца па Крамлі ўсім боезапасам контраргумэнтаў.

Дарэчы, апошняе апытаньне пад эгідай групы Манаева засьведчыла, што ў гэтым сэнсе ў афіцыйнага Менску надзейны тыл. 61,3% рэспандэнтаў лічаць, што не па-людзку дзерці з найлепшага хаўрусьніка столькі ж, як з астатніх пакупнікоў «блакітнага паліва». 58% за тое, каб выставіць Маскве круты сустрэчны рахунак. Нарэшце, тае думкі, што «Белтрансгаз» нельга прадаваць ні ў якім разе, прытрымліваюцца аж 82% беларусаў! Карацей, у выпадку новай газавай вайны народ падтрымае кіраўніцтва.

Калі ўжо на тое, дык у пастцы саюзнай дамовы найхутчэй што апынаецца Крэмль. Пад звон чарак дзядуля Ельцын шчодра падмахнуў некалі паперу, дзе сапраўды замацаваныя прынцыпы фармальнай роўнасьці. Вось гэтай паперчынай, як даводзіць, у прыватнасьці, наш экспэрт Валер Карбалевіч, Лукашэнка і будзе біць Маскву да апошняга. Парадаксальна, але бюракратычныя навароты «братняй інтэграцыі» могуць аб’ектыўна паспрыяць абароне сувэрэнітэту.

Кіроўная каманда зусім не зацікаўлена здаваць някепска абсталяваную сувэрэнную фартэцыю. Ёсьць імавернасьць таго, што ў выніку чарговага крызісу Менск і Масква проста зробяць крок да болей натуральных, прагматычных, сапраўды міждзяржаўных стасункаў. Гэта крок да таго, за што і змагаюцца столькі гадоў апанэнты рэжыму.

У гэтай схеме ёсьць хіба адзін прыкры момант. Усё залежыць ад камэнданта фартэцыі. А раптам нейкія забойчыя аргумэнты Крамля змусяць выкінуць белы сьцяг?

У краіны няма дэмакратычнага мэханізму абароны незалежнасьці. Яе адэптам застаецца адно што намякаць на партызанскія традыцыі ці прасіць гарантыяў ад аншлюсу на Захадзе. На такім тле трохі штучнымі выглядаюць спробы рангаваць гэтыя два паняткі – незалежнасьць і дэмакратыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0