The Bellingcat сумесна з журналістамі расійскага выдання The Insider апублікавалі новыя пацверджанні датычнасці Аляксандра Пятрова і Руслана Башырава, якія падазраюцца ў атручванні Сяргея і Юліі Скрыпалёў у брытанскім Солсберы, да расійскай ваеннай разведкі.
Аказалася, што ў файле пра Башырава ёсць такі самы грыф сакрэтнасці, а таксама тэлефонны нумар Міністэрства абароны Расіі, якія раней заўважылі на дакументах Пятрова.
На прыналежнасць падазраваных да ГРУ таксама паказваюць нумары іх пашпартоў. Дакументы Башырава і Пятрова заканчваюцца на 294 і 297. Блізкі па нумары замежны пашпарт у іншага супрацоўніка ГРУ Эдуарда Шырокава (Шышмакова), якога Чарнагорыя абвінавачвае ў спробе арганізацыі дзяржаўнага перавароту. У яго такі самы нумар пашпарта, але на канцы лічбы 323.
Хутчэй за ўсё, супрацоўнікі ГРУ атрымліваюць пашпарты асаблівай серыі — а калі гэта так, то любы ахвочы, атрымаўшы доступ да базы пашпартоў, можа знайсці ўсіх супрацоўнікаў гэтай арганізацыі.