З 11 да 12 верасня ў Беларусі знаходзілася дэлегацыя Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы. З удзелам прадстаўнікоў верхняй палаты беларускага парламента, экспертаў з Францыі, Італіі, Нідэрландаў, Грэцыі, Румыніі і Беларусі быў праведзены круглы стол па значных пытаннях мясцовага самакіравання.

Найбольш актуальныя з іх датычыліся ўмоў далейшага развіцця сістэмы мясцовага самакіравання. На думку экспертаў, узрастанне ролі мясцовых органаў улады немагчыма без удасканалення сістэмы адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення (АТД). Беларускія навукоўцы, у сваю чаргу, ужо сёння гатовы прапанаваць магчымыя варыянты.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Мякка ці радыкальна?

Навукоўцы мяркуюць, што беларуская сістэма АТД не з'яўляецца аптымальнай. Гэта відаць хоць бы па тым, што сёння існуюць істотныя адрозненні рэгіёнаў аднаго рангу па колькасці насельніцтва, узроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця і забяспечанасці інфраструктурай.

— Такая сітуацыя прывяла да таго, што існуючае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне не супадае з актуальнымі тэрытарыяльнымі сацыяльна-эканамічнымі супольнасцямі, якія адлюстроўваюць працэс раёнастварэння. Таму ў некаторых выпадках складана дамагчыся комплекснага развіцця тэрыторыі. Гаворка ідзе аб узаемным эканамічным, сацыяльным, дэмаграфічным, экалагічным і інавацыйным развіцці раёнаў, — лічыць кандыдат эканамічных навук, загадчык аддзела сусветнай эканомікі і знешнеэканамічных даследаванняў Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Таццяна Вярцінская.

Сёння раёны краіны адрозніваюцца і па памерах, і па транспартнай даступнасці да раённых цэнтраў. Так, чатыры з шасці абласных цэнтраў знаходзяцца на адлегласці больш за 200 км ад цэнтра краіны, а 16 раённых цэнтраў размешчаны бліжэй да Мінска, чым да цэнтраў сваёй вобласці.

Занадта вялікая аддаленасць асобных раёнаў ад абласной адміністрацыі аказвае негатыўны ўплыў на эфектыўнасць рашэння шэрагу мясцовых задач. У асобных раёнах і асабліва ў сельсаветах склалася цяжкая дэмаграфічная сітуацыя: міграцыйнае змяншэнне, перавышэнне смяротнасці над нараджальнасцю.

— Гэта прывяло да апусцення вёсак і пасёлкаў. Паралельна з дэпапуляцыяй і старэннем насельніцтва праблемай застаецца той факт, што большасць першасных адзінак адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення не мае дастатковых фінансавых і кадравых рэсурсаў для забеспячэння неабходнага мінімуму дзяржаўных паслуг, — адзначыла Таццяна Вярцінская.

На яе думку, каб вырашыць вострыя сацыяльна-эканамічныя праблемы такога характару, у Беларусі неабходна арыентавацца на так званы мяккі варыянт удасканалення сістэмы АТД, згодна з якім трэба аб'ядноўваць сельсаветы тых населеных пунктаў, колькасць людзей у якіх скарачаецца. Такім чынам будзе павышацца эфектыўнасць работы мясцовых органаў улады.

Паводле ацэнак навукоўцаў, у аснове далейшага ўдасканалення АТД краіны павінна знаходзіцца ў тым ліку і забеспячэнне набліжанасці органаў мясцовага кіравання і самакіравання да насельніцтва — гэта дазволіць грамадзянам больш шырока ўдзельнічаць у вырашэнні мясцовых праблем і якасна аказваць сацыяльныя паслугі насельніцтву. Акрамя таго, важная і аптымізацыя колькасці дзяржаўных служачых і скарачэнне выдаткаў на іх утрыманне без шкоды для дзяржаўнага тэрытарыяльнага кіравання і нацыянальнай бяспекі.

— Зараз не назапашана крытычнай масы праблем і недахопаў існуючага АТД, таму радыкальных падыходаў да змены сеткі не патрабуецца. Нашай краіне неабходна арыентавацца на эвалюцыйны, г. зн. мяккі шлях яе ўдасканалення, — растлумачыла Таццяна Вярцінская.

Ратуша ў Шклове. Фота Сяргея Гудзіліна.

Ратуша ў Шклове. Фота Сяргея Гудзіліна.

Скараціць да 100

Мяккі варыянт змены АТД можа прадугледжваць аб'яднанне шэрагу гарадоў абласнога падпарадкавання (напрыклад, Баранавічы, Пінск, Бабруйск) з аднайменнымі раёнамі, як гэта адбылося ў іншых абласцях. Магчыма аб'яднаць і гарвыканкамы абласных цэнтраў з выканкамамі аднайменных раёнаў.

«Акрамя таго, мэтазгодна аб'яднанне раёнаў з колькасцю жыхароў менш за 20 тысяч чалавек з суседнімі больш буйнымі раёнамі з улікам транспартнай даступнасці раённых цэнтраў, вытворчых і сацыяльна-культурных сувязяў, якія ўжо склаліся, а таксама меркавання насельніцтва, якое там пражывае. Агульную колькасць раёнаў прапануецца скараціць да 95—100», — паведаміла Таццяна Вярцінская.

Таксама беларускія навукоўцы прапаноўваюць стварэнне самастойнай адміністрацыйна- тэрытарыяльнай адзінкі — Мінскай сталічнай акругі ў складзе Мінскага раёна, якая аб'яднае гарады-спадарожнікі Мінска.

Цяпер шэраг з названых кірункаў ужо ажыццяўляецца ў Беларусі. Напрыклад, у Мінскай вобласці ў 2006 годзе змены адбыліся ў Салігорскім, Пухавіцкім, Мядзельскім раёнах; у 2007 — у Клецкім і Бярэзінскім. У 2009 годзе тэрыторыі 32 сельсаветаў былі зменены.

А калі ўсё ж радыкальна?

Аднак, як паказвае вопыт іншых краін, змены ў АТД рэалізуюцца паэтапна і могуць закрануць перыяд як мінімум у дзесяць гадоў.

Важна падкрэсліць, што такая рэформа, як правіла, адбываецца адначасова з удасканаленнем рэгіянальнай фінансава-бюджэтнай сістэмы і ўмацаваннем інстытута мясцовага самакіравання. У гэтым выпадку за аснову адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы можа быць узяты варыянт, вызначаны ў 2003 годзе ў праекце Канцэпцыі рэфармавання мясцовага кіравання і самакіравання ў Беларусі і працоўнай групай, якая была створана пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Яго сутнасць заключаецца ў пераходзе ад трох звёнаў сістэмы (сельсавет, раён і вобласць, або першасны ўзровень, базавы і рэгіянальны) да двух (раён і вобласць) і ў знаходжанні аптымальных памераў адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, якія дазваляюць больш эфектыўна рэалізоўваць прынцыпы і функцыі мясцовага кіравання і самакіравання, замацаваныя за адпаведнымі ўзроўнямі.

Рэалізацыя гэтага падыходу прадугледжвае стварэнне замест 6 абласцей 15—18 новых абласцей (акруг) з сярэднім радыусам даступнасці ад 43 да 80 кіламетраў. Базавай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай замест 118 раёнаў і каля 1200 сельсаветаў можа стаць новы раён або абшчына, воласць. Такіх адзінак у краіне мэтазгодна мець 450—475 з сярэднім радыусам даступнасці 14—17 кіламетраў.

Іх цэнтрамі могуць стаць раённыя цэнтры, гарады абласнога і раённага падпарадкавання, пасёлкі гарадскога тыпу, а таксама буйныя аграгарадкі, якія раўнамерна размеркаваны па тэрыторыі.

— Навуковае абгрунтаванне розных варыянтаў змены адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення ў Беларусі патрабуе распрацоўкі адпаведнай навуковай канцэпцыі з удзелам эканамістаў, юрыстаў, эколагаў, сацыёлагаў, архітэктараў і горадабудаўнікоў, a таксама прадстаўнікоў органаў мясцовага кіравання і самакіравання розных узроўняў і ініцыятыўных груп мясцовых супольнасцяў, — рэзюмавала Таццяна Вярцінская.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?