19 лістапада ў Слоніме пасьля працяглай хваробы на 78-м годзе жыцьця памёр літаратуразнавец, былы дэкан філфаку БДУ.

Ён пакінуў па сабе ўдзячную памяць усіх тых, каму выпала ня толькі чытаць, а і слухаць прафэсара філфаку Белдзяржунівэрсытэту. Многія зь ягоных выхаванцаў сталі вядомымі ў краіне дасьледчыкамі.

Гаворыць паэт Міхась Скобла: «Роўна сто кніг выдаў паэт, навуковец, перакладчык, выкладчык, прафэсар Алег Лойка. Гэта велізарная праца. Яна была пад сілу толькі чалавеку, які не шкадаваў сябе. Асабліва хацелася б адзначыць яго двухтомную анталёгію польскай паэзіі «Ад Буга да Віслы», куды ўвайшлі вершы ста васьмідзесяці паэтаў».

За месяц да свайго сыходу Алег Лойка адправіў у выдавецтва рукапіс сваёй апошняй, сто першай кнігі — гэта ўспаміны пра Караткевіча.

Пахаваны Алег Лойка будзе ў пятніцу 21 лістапада ў родным Слоніме, дзе жыў апошнія гады. У яго засталіся дачка Антаніна, сын Павал і ўнукі Віталь, Алег і Надзея.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?