У пачатку верасня ў Кобрыне адбылася навуковая канферэнцыя «Сімвалы перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне». Арганізатары хацелі правесці яе з размахам, але амаль усе запрошаныя прадстаўнікі дзяржаўных інстытуцый праігнаравалі гэты сход.

Сустрэчу арганізоўвала таварыства «Русь» (кіраўнік — Іван Корда). Яго сябры пакліканыя прапагандаваць рускую мову і расійскую культуру.

Праўда, вельмі часта «русічы» становяцца актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў, якія ставяць мэтай змаганне з канспіралагічнымі ордэнамі накшталт масонаў.

Раней «Наша Ніва» пісала пра іх сход у Нацыянальнай бібліятэцы, тады арганізатарам і кіраўніком быў актывіст «Русі» Уладзімір Сацэвіч.

Чытайце: Дэсант расійскіх чарнасоценцаў высадзіўся ў Акадэміі навук Беларусі і БДУ

Уладзімір Сацэвіч з чырвонай стужкай на галаве.

Уладзімір Сацэвіч з чырвонай стужкай на галаве.

З цягам часу «Русь» аказалася пад пратэктаратам «Расійскіх цэнтраў навукі і культуры», якія дзейнічаюць у некаторых гарадах Беларусі. Тады ў свае прыярытэты арганізацыя дадала і клопат аб «гістарычнай памяці». 

Дапамагалі ў арганізацыі Кобрынскі музей імя Суворава і «Міжнародная славянская акадэмія».

Вітальнае слова прачытала кіраўнік Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Брэсце Юлія Сяменчанка. 

«Ёсць людзі, якія падымаюць пытанне, што георгіеўская стужка — гэта рускі сімвал. Улады яго выціскаюць! Па ініцыятыве БРСМ прынялі яблыневы цвет. Я званіў Варанюку [кіраўнік БРСМ — Рэд.], а ён сказаў, што яны не будуць нічога мяняць. Таму мы правялі канферэнцыю з тым, каб даказаць, што колер перамогі — гэта георгіеўская стужка. У нас былі навукоўцы: Аляксандр Цітавец з БДУ, Аляксандр Свірыд з Брэста. І мы пастанавілі, што сімвал перамогі — гэта георгіеўская стужка!» — тлумачыць «Нашай Ніве» арганізатар кобрынскага мерапрыемства Уладзімір Сацэвіч.

Чаму ж яму не ўдалося сабраць на канферэнцыі ўдзельнікаў ад дзяржаўных інстытуцый?

«Не было распараджэння з выканкама, я сам таксама не ведаў, хто гэта ўсё праводзіць», — прызнаецца кіраўнік кобрынскага аддзялення Саюза афіцэраў.

«Былі вучэнні ў ваенкамаце, таму прадстаўнік выканкама быў там, а не ў нас. Гэта такі новы клас чыноўнікаў, якія выконваюць толькі тое, што загадаюць наверсе.

Між тым, Грышкевіч [старшыня Кобрынскага райвыканкама — Рэд.] афіцыйна дазволіў гэтую канферэнцыю. Яны спачатку далі нам актавую залу выканкама пад правядзенне, але потым заявілі, маўляў, гэта ж выходныя дні, рэжымны аб'ект… Таму далі памяшканне ў школе мастацтваў.

І кадэцкі клас не прыйшоў, хаця ў нас была дамоўленасць. Але потым я званю педагогу і яна кажа: «Не». Чаму? «Бо я так вырашыла». Але я правёў расследаванне і выявіў, што начальніца аддзела адукацыі сказала, што тут будзе шмат рускіх, таму ісці не трэба», — прызнаўся Сацэвіч.

Чаму «Русь» не праводзіла мерапрыемстваў у падтрымку георгіеўскай стужкі да 2013—2014 года, калі яна стала сімвалам расійскай агрэсіі ва Украіне?

«А тады не было неабходнасці. Вы яшчэ скажыце, што свастыку нельга выкарыстоўваць, бо яе Гітлер выкарыстоўваў. Яна існуе і ў Індыі, і ў нас — у Расійскай імперыі. А пентаграма і зорка Саламона… — гэта формула вады! З работнікамі СМІ і адукацыі працуюць пэўныя службы Гарвардскага ўніверсітэта, ідзе размыванне і падмена сімволікі. Ідзе халодная вайна. На чыім баку «Наша Ніва»?» — падсумаваў Сацэвіч. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?