Адмыслоўцы лічаць, што ў наступны панядзелак, магчыма, адбудзецца самая магутная вірусная атака ў кампутарнай гісторыі ды заклікаюць карыстальнікаў быць пільнымі, піша сёньня The Guardian.

Як паведамляецца, экспэрты ў галіне кампутарнай бясьпекі кампаніі PC Tools прааналізавалі зьвесткі пра вірусы й чарвякоў з больш як 500 тысяч кампутараў з усяго сьвету й назвалі 24 лістапада днём магчымага піку дзейнасьці віртуальных злачынцаў у 2008 годзе.

Леташнія зьвесткі паказалі, што самая моцная атака здарылася за трое сутак да Дня Дзякаваньня — з гэтага яны выснавалі, што тое самае будзе і сёлета.

Як тлумачыць кампанія, павелічэньне віруснай актыўнасьці ў гэты час зьвязанае з масавым інтэрнэт-шопінгам напярэдадні Калядаў. Людзі, якія робяць пакупкі он-лайн і гатовыя падаць сваю фінансавую інфармацыю, акурат і становяцца ахвярамі махляроў.

Толькі сёлета ў Вялікабрытаніі, як чакаецца, праз інтэрнэт зробяць пакупак на 15% адсоткаў болей, чым летась. Тым больш што багата хто цяпер, ва ўмовах фінансавай крызы, аддасьць перавагу ніжэйшым цэнам інтэрнэт-крамаў.

Зрэшты, продажы — не адзіны разносчык шкадлівых праграм. Спамэры й злачынцы ўжо выкарысталі папулярнасьць абранага прэзыдэнта ЗША Барака Абамы, каб змусіць карыстальнікаў зьліць сабе вірус. Гэтак, праз электронную пошту рассылалася спасылка на відэа, дзе нібыта была прамова Абамы. А на самой справе на кампутар усталёўваўся траянскі вірус, паведамляе InoPressa.ru.

А тым часам Барак Абама карыстаецца электроннай поштай апошнія дні. Ён ужо разаслаў сваім сваякам і сябрам разьвітальныя лісты.

Справа ў тым, што паводле заканадаўства ЗША, прэзыдэнт мусіць весьці перапіску такім чынам, каб яна ўся фіксавалася службамі Белага дому. Нарэшце, бярэцца пад увагу і тое, што такая перапіска можа быць перахопленая трэцім бокам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?