Існуе меркаванне, што век нафты сыходзіць у нябыт. Ці значыць гэта, што аглушальны рык матацыклетных матораў таксама неўзабаве зробіцца гісторыяй? Не факт. Прынамсі, матацыклы здавацца не збіраюцца. Наадварот — электрычныя рухавікі даюць магчымасць эксперыментаваць з дызайнам. Вось некалькі цікавых экземпляраў.

Harley Davidson LiveWire (ЗША)

Так-так, легендарны амерыканскі мотавытворца не жадае застацца на ўзбочыне электрычнай рэвалюцыі. У жніўні Harley Davidson прэзентаваў уласны прататып электрабайка LiveWire. Кампанія характарызуе яго як «магутны, але лёгкі ў кіраванні». Як мяркуецца, электрычны «харлей» трапіць у продаж налета.

Дарэчы, самую першую версію свайго электрабайка Harley Davidson прэзентаваў публіцы ў 2014 г. Тая спроба, здаецца, была фальстартам — для масавага выпуску электраматацыклаў рынак быў яшчэ не гатовы. Тым не менш, як сцвярджае кампанія на сваім сайце, напрацоўкі чатырохгадовай даўніны будуць уключаныя ў новую мадэль.

Light Rider (Германія)

Біялагічны дызайн Light Rider — плён працы майстэрні APWorks, што на паўднёвым ускрайку Мюнхена. Баварскія майстры пазіцыянуюць яго як першы ў свеце прататып электрычнага матацыклу, надрукаваны на 3-D прынтары.

Электрарухавік разганяе байк да 80 кіламетраў за гадзіну. Малавата? Ну але ж затое сам матацыкл важыць усяго толькі 35 кілаграмаў. Лёгкасцю матацыкл абавязаны найперш высокатэхналагічнай 6-кілаграмовай раме.

Між іншым, структура рамы нагадвае косную тканку чалавека:

Energico Eva (Італія)

Каб вы не думалі, што большасць электрабайкаў — гэта насамрэч ціхаходныя скутары ў матацыклетнай скуры, вось вам матацыкл з няўрымслівым італьянскім характарам. Energico. Фабрыка з паўночнаітальянскай Мадэны, спецыялізуецца выключна на вырабе электраматацыклаў. Яе мадэль Eva можа праехаць да 200 кіламетраў на адной зарадцы (у энергазберагальным рэжыме), а таксама разганяецца да 200 кіламетраў за гадзіну. Energico рэкламуе мадэль пад хэштэгам «мой электрычны грэх» (італьянцы ёсць італьянцы!).

Фотаздымак з брашуры кампаніі (Eva справа):

Zero DS (ЗША)

Кампанія Zero нарадзілася ў гаражы ў мястэчку Санта Круз, пад яркім каліфарнійскім сонцам. На сёння гэта адзін з самых сур’ёзных вытворцаў серыйных электрабайкаў. Першыя электрабайкі Zero вырабіла яшчэ ў 2006 г. Нельга сказаць, што матацыкл уражвае арыгінальным дызайнам — у прынцыпе, ягоможна было б пераблытаць са звычайным байкам, калі б не ціхі электрычны рухавік.

Электрычнасць заліваць сюды…

Тыповая зарадка Zero DS займае каля гадзіны. Доўга? Каму як. Кампанія раіць скарыстаць час, пакуль ваш байк зараджаецца, схадзіць на ланч ды завесці прыемнае знаёмства:

BMW Vision Next 100 (Германія)

Гэты звышсучасны матацыкл немагчыма набыць ці патэсціць — ён існуе толькі ў выглядзе віртуальнага канцэпту. Прыкладна так кампанія BMW уяўляе свой будучы электрабайк. І што з таго, што ён існуе пакуль што толькі ва ўяўленні дызайнераў? Калі рэальны байк будзе хоць у нечым падобны да гэтага, ён мае ўсе шанцы зрабіцца сапраўдным хітом. Даўжэй запрагаеш — шпарчэй едзеш:

Lito Sora (Канада)

Будаўнікі электрабайкаў з канадскага Квебеку стварылі сапраўды олд-таймер будучыні. Матацыкл нават мае паліўны бак — хоць насамрэч у ім знаходзіцца акумулятар, які дазваляе Lito Sora праехаць да 120 кіламетраў без зарадкі. Электрабайк здольны разагнацца да 120 кіламетраў за гадзіну.

Johammer J1 (Аўстрыя)

У гэты электрабайк можна лёгка закахацца —

калі, канечне, вы не з тых саркастычных каментатараў, якія параўноўваюць J1 з лядоўняй на колах. Больш рамантычныя назіральнікі, заўважаюць падабенства дызайну корпуса электрабайка з экіпіроўкай каня на сярэднявечным рыцарскім турніры:

J1 — гэта не канцэпт, а сапраўдны матацыкл, які можна набыць. З перавагаў — даволі вялікі запас ходу. Адна зарадка дазваляе праехаць 200 кіламетраў.

Корпус электрабайка можна замовіць у пяці розных колерах, уключна з салатавым:

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?