Адсутнасць перспектывы ўнутрыпалітычнага прарыву робіць натуральнымі спробы пошукаў дыялогу з беларускімі ўладамі, і беларускія дэмакраты мусяць быць гатовыя да таго, што гэты дыялог будзе весціся на прагматычных і не заўжды прынцыповых падставах. Пішуць у сваім аналізе Дзяніс Мельянцоў, Віталь Сіліцкі.

Логіка трансфармацыі лукашэнкаўскай улады

Парламенцкія выбары 2008 г. праходзілі ў паваротны час для беларускага рэжыму. Сёлетнія падзеі, а менавіта сусветны фінансавы крызіс і расійска-грузінская вайна, абвастрылі неабходнасць трансфармацыі лукашэнкаўскай сістэмы для яе ж самавыжывання. З аднаго боку, вайна на Каўказе паказала, што галоўны знешнепалітычны саюзнік і донар старой лукашэнкаўскай сістэмы цяпер гатовы да сілавых інтэрвенцый з мэтай змены ўлады ўнутры краіны. З іншага, падзеі ў сусветнай эканоміцы могуць прывесці да таго, што ў хуткім часе разлічваць на Расію як адзінага выратавальніка беларускай мадэлі будзе ўжо цяжка.

Трэба, аднак, агаварыцца, што любыя перамены, на якія ідзе афіцыйны Мінск, ажыццяўляюцца з адной мэтай — максімальна пазбегнуць неабходнасці палітычных зменаў, гэта значыць, дамагчыся прарыву з міжнароднай ізаляцыі без сур’ёзных палітычных паслабленняў.

Гэтая задача была развязаная шляхам прафесійна зладжанай піяр-кампаніі, цягам якой беларускія ўлады прэвентыўна пайшлі на пацяпленне палітычнага клімата (напрыклад, вызваленне палітычных вязняў) і стварылі ў заходніх гульцоў уражанне, што і парламенцкія выбары могуць быць праведзеныя пры пэўным забеспячэнні дэмакратычных стандартаў. Атрымаўшы ў якасці авансу абяцанне зняць санкцыі, беларускія ўлады правялі выбары паводле звычайнага для сябе сцэнара. Запозненая крытыка выбараў была прадстаўленая афіцыйнай прапагандай як сведчанне падвойных стандартаў.

Паколькі ЕС і ЗША загадзя паказалі, што дыялог ім важны больш, чым афіцыйнаму Мінску, на вызначэнне стаўлення да выбараў паўплывала і шантажаванне «спыненнем дыялогу», што магло расшыфроўвацца і як вяртанне да палітычных рэпрэсіяў.

Адсутнасць перспектывы ўнутрыпалітычнага прарыву робіць натуральнымі спробы пошукаў дыялогу з беларускімі ўладамі, і беларускія дэмакраты мусяць быць гатовыя да таго, што гэты дыялог будзе весціся на прагматычных і не заўжды прынцыповых падставах. Беларуская апазіцыя, якая пераўтварылася ў пераважна знешнепалітычнага гульца, магла б паўплываць на ход і парадак дня дыялогу паміж афіцыйным Мінскам і ЕС, але не здолела зрабіць гэтага праз адсутнасць унутранага адзінства і знешнепалітычнай стратэгіі.

У выніку выбараў і знешнепалітычнага дыялогу адбылося пэўнае пацяпленне палітычнага клімату. Аднак гэтым палітычныя здабыткі кампаніі і вычэрпваюцца. Паколькі працяг дыялогу з беларускімі ўладамі падаецца непазбежным, галоўнай яго мэтай мусіць стаць замацаванне тых пазітыўных зрухаў, якія дасягнутыя за апошні час. Дзеля гэтага неабходная кантраляванасць дыялогу, зарукай якой мусіць стаць паступовае вяртанне да пакрокавай стратэгіі і выстаўленне жорсткай абумоўленасці наступных дзеянняў пры кантактах з беларускімі ўладамі. Кожны крок афіцыйнага Мінска і крок у адказ з боку Захаду павінен мець дакладна вызначаныя і прапісаныя крытэры ацэнкі.

Чаму Захад пайшоў на збліжэнне з беларускім рэжымам?

Злучаныя Штаты і Еўрапейскі Саюз мелі неаднолькавыя матывы, якія прымусілі іх перайсці да палітыкі нармалізацыі стасункаў з афіцыйным Мінскам.

Адной з галоўных прычынаў таго, што ЕС пайшоў насустрач беларускім уладам, стала няўдача усіх папярэдніх вонкавых стратэгіяў дэмакратызацыі Беларусі. Бадай, за дванаццаць гадоў ЕС паспрабаваў усе магчымыя падыходы, якія, праўда, не характарызаваліся паслядоўнасцю і эфектыўнасцю.

Апошняя спроба Еўрасаюза сфармуляваць стратэгію ў адносінах Беларусі мела сваім вынікам публікацыю «недакумента» «Што Еўрапейскі Саюз можа даць Беларусі», дзе пералічваліся 12 патрабаванняў да ўладаў Беларусі, пасля выканання якіх мог аднавіцца паўнавартасны дыялог Мінска з Бруселем. Крытычнай памылкай ЕС было не столькі выстаўленне абсалютна непрымальнага для беларускіх уладаў патрабавання рэфармаваць палітычную сістэму, а прапанова дужа расплывістых і неканкрэтных выгадаў, якія б мелі месца пасля выканання выстаўленых патрабаванняў. Адсутнасць дакладна прапісанай абумоўленасці і пакрокавага модусу выканання 12 пунктаў сталіся прычынай таго, што гэтая стратэгія таксама аказалася невыканальнай. Гэта стала відавочна ўжо адразу пасля яе абнародавання, калі афіцыйны Мінск недвухсэнсоўна даў зразумець Еўропе, што ён не збіраецца выконваць 12 пунктаў ЕС.

Падзеі 2007 г. і першай паловы 2008 г. паказалі, што ў беларуска-расійскіх адносінах працягвалі назапашвацца крызісныя з’явы, якія падштурхоўвалі беларускія ўлады палепшыць дачыненні з Еўрапейскім Саюзам. Акурат у гэты перыяд прэзідэнт Лукашэнка санкцыянуе адкрыццё прадстаўніцтва Еўрапейскай Камісіі ў Мінску. Разам з тым, беларускія ўлады даюць зразумець еўрапейцам, што яны хочуць палітычнага збліжэння з ЕС, але не збіраюцца ісці на радыкальны перагляд унутранай палітыкі і не будуць выконваць ніякіх ультыматумаў.

Акцыя выгнання амерыканскіх дыпламатаў сёлета ўвесну была шмат у чым паказальная. Апрача ўсяго іншага яна мела прадэманстраваць Бруселю контрпрадуктыўнасць палітыкі санкцыяў і недапушчальнасць умяшання замежных прадстаўніцтваў ва ўнутрыбеларускія справы. Палітычныя эліты ЕС прачыталі гэты сігнал адэкватна і былі вымушаныя адмовіцца ад выстаўлення папярэдніх умоваў для пачатку дыялогу з беларускім рэжымам.

Яшчэ адной прычынай, якая падштурхнула ЕС да пачатку дыялогу з беларускім рэжымам, стала неэфектыўнасць выкарыстання беларускай апазіцыі ў якасці пасярэдніка паміж Еўрасаюзам і беларускім грамадствам. За гады аўтарытарызму беларуская апазіцыя ператварылася ў знешняга актара, моцна страціла папулярнасць сярод беларускіх грамадзян і аказалася няздатнай мабілізаваць беларусаў на масавыя акцыі пратэсту, неабходныя для «каляровай рэвалюцыі». Таму Захад пачаў ставіць пад сумненне выкарыстанне апазіцыйных партыяў як эфектыўнага інструмента дэмакратызацыі краіны. Пачаўся пошук іншых каналаў уздзеяння на ўнутрыбеларускую сітуацыю, разам з палітычнымі кантактамі на высокім і вышэйшым узроўні.

Акрамя таго, бізнес-колы асобных еўрапейскіх дзяржаваў праяўлялі інтарэс да ўдзелу ў прыватызацыі беларускіх прамысловых прадпрыемстваў і да інвеставання ў беларускую эканоміку. Асабліва гэты інтарэс пачаў выяўляцца пасля адмены інстытуту «залатой акцыі» і спрашчэння падаткаабкладання.

Такія залежныя ад беларускага транзіту краіны, як Латвія і Літва, ужо дастаткова даўно спрабуюць наладзіць палітычны дыялог з беларускім урадам, не чакаючы дазволу з Бруселя. У літоўскім Сойме ўжо шмат гадоў існуе камітэт сувязяў з Беларуссю (яго ўзначальвае этнічны беларус Вацлаў Станкевіч), які выступае за пашырэнне стасункаў з афіцыйным Мінскам. Літва разам з Польшчай не раз заяўлялі пра свой намер быць «адвакатам Беларусі» ў інстытутах ЕС. Рухавік еўрапейскай інтэграцыі, Нямеччына, таксама зацікаўленая ў інвеставанні ў Беларусь, пра што, у прыватнасці, недвухсэнсоўна заявіў амбасадар д-р Гебхардт Вайс.

Акрамя пералічаных прычынаў, у еўрапейскіх уладных калідорах існуе і стомленасць ад «беларускага пытання», якога Еўрапейскі Саюз не можа вырашыць ужо за больш як дзесяць гадоў. «Беларускае пытанне» мае для Еўрасаюза значную псіхалагічную нагрузку, бо дэкларуючы сябе глабальным актарам, які прасоўвае дэмакратыю і стабільнасць у бліжэйшым замежжы, ён не здолеў яго развязаць, за што неаднойчы яго крытыкавалі Злучаныя Штаты.

Паколькі выпрабавання Беларуссю знешняя палітыка ЕС не прайшла, пастанавілі пазбавіцца ад «беларускага пытання» шляхам прызнання рэжыму і ўсталявання кантактаў на вышэйшым узроўні. Гэтае рашэнне, натуральна, даволі рызыкоўнае, бо азначае аднабаковую саступку з боку Еўрапейскага Саюза і не гарантуе трансфармацыі палітычнай сістэмы ў Беларусі.

Апошнім штуршком, які запусціў механізм прызнання беларускага рэжыму Еўрапейскім Саюзам, стаў канфлікт у Грузіі.

Палітыка ЗША ў дачыненні Беларусі зазнала яшчэ больш радыкальны паварот, чым палітыка Еўрапейскага Саюза. Новы курс адміністрацыі Дж. Буша ў стасунках з афіцыйным Мінскам можна назваць сенсацыйным і беспрэцэдэнтным у гісторыі беларуска-амерыканскіх адносінаў апошняга дзесяцігоддзя.

Апошнія заявы часовага паверанага ў справах ЗША ў Беларусі Джонатана Мура сведчаць хутчэй пра жаданне перакупіць Беларусь у Расіі, чым пра імкненне змяніць палітычны рэжым у краіне. Выглядае, што вызваленне палітычных вязняў ёсць для ЗША ўсяго толькі фармальнай падставай для нармалізацыі стасункаў з Мінскам, пры тым, што існуе разуменне рызыкоўнасці такога кроку пры адсутнасці юрыдычных абавязанняў з беларускага боку.

Беларуская апазіцыя, якую дагэтуль ЗША паслядоўна падтрымлівалі, сталася закладніцай новай амерыканскай палітыкі стрымлівання Расіі. Яе не толькі вымусілі ўдзельнічаць у несправядлівых парламенцкіх выбарах для атрымання дадатковай падставы для прызнання новага парламенту, але ёй нават не паведамілі пра сутнасць перамоваў паміж Захадам і беларускім рэжымам, не кажучы ўжо пра перспектыву ўдзелу ў перамовах як пасярэдніка. Гэткую палітыку адыходзячай амерыканскай адміністрацыі варта прызнаць недальнабачнай, бо яна цяпер сваімі дзеяннямі фармуе больш праблем, чым вырашае. У прыватнасці, такая палітыка вядзе да росту недаверу да заходніх партнёраў у вачах лідэраў апазіцыі.

Унутрыпалітычны кантэкст

Перыяд «пацяплення» ў беларуска-еўрапейскіх адносінах праходзіць у кантэксце эвалюцыі беларускай сістэмы пад знакам «трансфармацыі без дэмакратызацыі». Эканамічныя рэформы і знешнепалітычнае пацяпленне ажыццяўляюцца акурат для таго, каб не выпускаць апазіцыю з рэзервацыі, у якую яна трапіла ў апошнія гады.

Ва ўнутрыпалітычным жыцці працягваецца дысідэнцкі перыяд, які па выніках выбараў (пры новым цалкам стэрылізаваным парламенце) мае перспектыву зацягнуцца на нявызначаны час. Пытанне пра дасканаласць палітычнай стратэгіі і тактыкі важнае, калі гутарка ідзе пра доўгатэрміновую перспектыву палітычнай перамогі. Ва ўмовах закрытасці каналаў камунікацыі з грамадствам, агульнай грамадскай апатыі і пэўнай руцінізацыі безнадзейнасці (стане грамадства, калі сама палітычная дзейнасць лічыцца чымсьці ірацыянальным), апазіцыйны асяродак скараціўся да некалькіх тысячаў ветэранаў дысідэнцкага руху. Нават чаканні палітычнага прарыву ад гэтага асяродку больш падобныя да летуценняў. Да таго ж, сама палітычная сітуацыя праграмуе апазіцыю на барацьбу за тыя мэты, якія не знаходзяць падтрымкі ў «рацыянальнага» выбаршчыка, заклапочанага найперш уласным дабрабытам.

Усе спробы «вынайсці» новую апазіцыю, якая б замяніла «заезджанае» апазіцыйнае кіраўніцтва апошніх гадоў, закончыліся няўдачай.

Затое АДС здолелі вылучыць адзіны спіс кандыдатаў і вызначыцца з перадвыбарным пасланнем, якое, аднак, так і не было развіта ў змястоўную перадвыбарную праграму. Апазіцыя так і не вызначылася, дзеля чаго былі гэтыя выбары. Не было адзінага месіджа, які б рэзанаваў на ўсю краіну, ці вызначанага шэрагу праблемаў, пра якія гаварылі б усе кандыдаты. Нават самыя перспектыўныя апазіцыйныя кандыдаты, якімі былі рэгіянальныя актывісты, вялі кампанію, абапіраючыся пераважна на мясцовыя праблемы.

Ажыццяўленне любых палітычных апазіцыйных стратэгій (акрамя, бадай, мясцовых грамадскіх) ва ўмовах заблакаванай палітычнай і грамадскай прасторы і сацыяльнай пасіўнасці ёсць хутчэй летуценніцтвам, магчыма, адзіным шанцам дасягнуць адчувальнага палітычнага выніку на гэтых выбарах для апазіцыі было б акурат мадэраванне дыялогу Захаду і афіцыйнага Мінска праз выпрацоўку яго парадку дня.

Набор з трох-чатырох варункаў мог бы мець на ўвазе выключэнне з выбарчага права найбольш адыёзных практык (датэрміновае галасаванне і г. д.) і адмену антырэвалюцыйных артыкулаў у Крымінальным кодэксе. Платай за такія змены мусіў быць частковы выхад рэжыму Лукашэнкі з міжнароднай ізаляцыі і, кажучы мовай апазіцыйных партый, яго легітымізацыя. Няма ніякай гарантыі, што акурат такая стратэгія прывяла б да лепшага выніку. Аднак у апазіцыі і Захаду быў бы адзіны парадак дня, які вывеў бы «дыялог» асобых заходніх актараў з рэжыму сакрэтных сепаратных перамоваў і выключыў бы адвольную трактоўку «прагрэсу», дасягнутага за час выбараў.

Напярэдадні парламенцкіх выбараў таксама назіраліся:

— абвастрэнне супярэчнасцяў паміж «партыйнай» і «вулічнай» апазіцыяй, на якую наклалася пакрыўджанасць асобных палітычных структураў;

— канфлікт пакаленняў і нарастанне супярэчнасцяў паміж «мінскай» і «рэгіянальнай» апазіцыяй, якія выразна выявіліся пры спробе абвяшчэння байкоту кіраўніцтвам БНФ. У структурным плане палітычная апазіцыя сёння — гэта некалькі груповак у Мінску, якія прадстаўляюць кіраўніцтва палітычных партый, і некалькі дзесяткаў рэгіянальных асяродкаў, якія пераважна гуртуюцца вакол моцных рэгіянальных лідэраў;

— пэўная супярэчнасць паміж апазіцыяй і яе знешнімі сімпатыкамі, што прывяла да таго, што некаторыя заходнія дыпламаты сталі публічна выказвацца пра пытанні апазіцыйнай стратэгіі і тактыкі.

Абвешчаныя ўладамі вынікі не могуць быць крытэрам для вызначэння сілы ці слабасці тых ці іншых палітыкаў. Наадварот, выбары засведчылі даволі высокі ўзровень падтрымкі некаторых з іх. З іншага боку, адсутнасць выніку ў выбарах дадае матывацыі палітычным лідэрам не ўдзельнічаць у кааліцыйных працэсах, а спрабаваць знайсці шчасця паасобку. Без пераасэнсавання сутнасці апазіцыйнай дзейнасці ў дысідэнцкі перыяд апазіцыя можа падысці да 2011 г. у стане самага глыбокага арганізацыйнага і маральнага крызісу за ўсю сваю гісторыю. Відавочна, што гэты крызіс цяпер падштурхоўваецца радыкальнымі сіламі дзеля «змены ўлады» ў апазіцыйным лагеры.

Чаму ацэнка была такая, якая была?

Па-першае, паляпшэнне стасункаў з Беларуссю было ўжо вызначаным курсам, які мог змяніцца толькі ў выпадку экстраардынарных паводзінаў беларускіх уладаў. Паколькі ніякіх неспадзяванак з боку афіцыйнага Мінска не было, то і далейшая нармалізацыя працягвалася адпаведна са сваёй унутранай логікай.

Па-другое, адсутнічаў і адсутнічае агульны парадак дня для дыялогу — было зразумела, што цалкам свабодных і справядлівых выбараў дамагчыся за адзін раз немагчыма, неабходна было вызначыць крытэры прагрэсу, якімі можна было абумовіць нармалізацыю.

Па-трэцяе, пытанне працэсу замянілі пытаннем нібыта гарантаванага прадстаўніцтва некалькіх прадстаўнікоў апазіцыі ў палаце прадстаўнікоў. Такія варункі знівелявалі маральны аспект перамоў, бо зрабілі іх прадмет аб’ектам рынкавай здзелкі.

Па-чацвёртае, адсутнічае агульная культура дыялогу. Для Захаду дыялог —сродак дасягнення кампрамісу і вызначэння прасторы супольных каштоўнасцяў. Для беларускіх уладаў дыялог — гэта, па-першае, нагода для дэманстрацыі слабасці апанента, па-другое, спосаб уцягнуць яго ва ўласную піяр-кампанію. Заходнія назіральнікі настолькі былі ўсцешаныя сігналамі палітычнай адлігі (якія не мелі амаль ніякага дачынення да выбараў), што прынялі іх за прыкмету прагрэсу ў іншых галінах, уключаючы выбарчую.

Лукашэнка не марнаваў часу, каб зрабіць уражанне, што гэткая пазітыўная дынаміка можа быць замацавана акурат праз дыялог і палітычныя саступкі. На працягу тыдня пасля выбараў былі агучаныя такія рашэнні, як падатковая рэформа, амбітная прыватызацыйная праграма пры пашырэнні ўдзелу замежнага капіталу ў прыватызацыі і дазвол на куплю зямлі замежнікамі. Нават больш сенсацыйным і, магчыма, у доўгатэрміновай перспектыве важным было рашэнне пра адстаўку кіраўніка брыгады СОБР Дзмітрыя Паўлічэнкі. Яго зняццё, разам з адстаўкай Шэймана, можа быць прыметай кампраміснага развязання праблемы самага праблематычнага з 12 патрабаванняў ЕС, што ўмагчыміць ужо зусім іншыя сцэнары эвалюцыйнай трансфармацыі беларускай сістэмы. Пакуль што беларускія ўлады не марнуюць часу, каб пераканаць Захад, што «перамены праз ангажаванне» ў Беларусі магчымыя — хай і не ў палітычнай сферы.

Высновы

Ацэньваючы працэс пацяплення ў стасунках Беларусі і Захаду, варта падкрэсліць яго некалькі асаблівасцяў, якія могуць паўплываць на вынікі перамоваў і ўнутрыпалітычную сітуацыю ў Беларусі.

Па-першае, Рэжым разглядае паводзіны ЕС як слабасць і, верагодна, будзе патрабаваць далейшых саступак і шантажаваць разрывам дыялогу і больш шчыльнай інтэграцыяй з РФ. Пагрозы з боку Еўрасаюза афіцыйны Мінск не будзе ўспрымаць усур’ёз, бо ЕС ужо прадэманстраваў няздатнасць адстойваць свае пазіцыі і дамагацца выканання патрабаванняў.

Па-другое, да сённяшняга дня не існуе «дарожнай карты» дыялогу паміж Беларуссю і Захадам; заходнія дэмакратыіі не выставілі крытэраў і ўмоваў, якія б гарантавалі выкананне абяцанняў і дазвалялі б ацэньваць паспяховасць ці непаспяховасць дыялогу. Патураючы беларускаму рэжыму, Захад ідзе на велізарную рызыку, бо сёння немагчыма ўпэўнена сцвярджаць, што новы беларускі парламент не прызнае Паўднёвую Асецію і Абхазію, і што не з’явяцца новыя палітычныя вязні ці не вернуцца за краты старыя.

Па-трэцяе, перамовы паміж Захадам і Беларуссю застаюцца непразрыстымі для шырокай грамадскасці. Калі ў выніку гэтага рэжыму ўдасца кінуць цень на рэпутацыю апазіцыі, Захад страціць апошнія рычагі ўплыву на ўнутрыбеларускую сітуацыю.

Якім чынам ЗША і ЕС могуць стабілізаваць сітуацыю і збалансаваць дыялог? На нашу думку, галоўным фактарам кантраляванасці дыялогу з’яўляецца паступовае вяртанне да пакрокавай стратэгіі і выстаўленне жорсткай абумоўленасці наступных дзеянняў у межах дыялогу з беларускім урадам. Трэба пераадолець сённяшнюю сітуацыю, калі Захад ідзе на аднабаковае прызнанне беларускага рэжыму і здымае санкцыі ўсяго толькі ў абмен на палітычныя заявы і жэсты, не падмацаваныя інстытуцыйнымі і заканадаўчымі захадамі.

Першым этапам у выроўніванні дыялогу павінна стаць распрацоўка «дарожнай мапы», парадку дня перамоўнага працэсу з вызначэннем крытэраў паспяховасці, дзеянняў абодвух бакоў і адказнасці за невыкананне абавязанняў.

Важным фактарам перамоўнага працэсу, які пакліканы забяспечыць давер разнастайных актараў унутры Беларусі да еўрапейскіх і амерыканскіх партнёраў, з’яўляецца празрыстасць дыялогу. Да яго неабходна далучыць урады суседніх з Беларуссю краін, беларускія палітычныя партыі і аналітычныя цэнтры, а таксама найбуйнейшыя незалежныя сродкі масавай інфармацыі.

* * *

Дзяніс Мельянцоў — палітоляг, аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў.

Віталь Сіліцкі — палітоляг, дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў. Сталы аўтар «ARCHE».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?