Трэба вярнуць тавар, а чэка — няма. Што рабіць у такой сітуацыі: усё ж такі пайсці ў краму ці змірыцца з наяўнай сітуацыяй і пакінуць тавар сабе?

Тым больш, што словы пра неабходнасць захавання чэка і ўпакоўкі ў выпадку вяртання альбо абмену тавару, як мантра, гучаць з вуснаў ці не кожнага прадаўца. Многія, арыентуючыся на дадзеныя ўказанні, нават не разглядаюць магчымасць вяртання тавару без чэка. Але як насамрэч? Ці можна вярнуць тавар, калі чэка няма?

Вярнуць тавар, не маючы чэка, можна. Дадзенае права замацавана ў законе Беларусі «Аб абароне правоў спажыўцоў» (арт.20, п.8). З яго новай рэдакцыяй а можна азнаёміцца на нацыянальным прававым партале pravo.by.

У прыватнасці, у законе прапісана, што адсутнасць дакумента, які пацвярджае факт набыцця тавару, не з’яўляецца прычынай для адмовы ў вяртанні гэтага тавару. А менавіта такім дакументам і з’яўляецца касавы чэк.

Адпаведна, калі вы набылі тавар і па розных прычынах вырашылі яго вярнуць, то адсутнасць чэка не можа быць падставай для таго, каб вашае патрабаванне не задаволілі.

Аднак сам факт набыцця тавару ў канкрэтным гандлёвым пункце давядзецца даказаць. Пры гэтым законам прадугледжана, што ў якасці сродкаў доказу могуць быць выкарыстаны нават паказанні сведкаў.

Таксама доказам могуць служыць элементы спажывецкай упакоўкі, рознага кшталту дакументы на тавар (тэхнічны пашпарт, гарантыйны чэк, інструкцыя па выкарыстанні). Галоўнае, каб на элементах упакоўкі і дакументах былі пазнакі, якія даказваюць, што тавар быў набыты ў канкрэтным гандлёвым пункце.

Варта памятаць і пра тое, што вярнуць або абмяняць тавар належнай якасці можна на працягу абмежаванага тэрміну і толькі ў тым выпадку, калі ён не быў у выкарыстанні, а ўсе ягоныя спажывецкія якасці захаваныя.

Харчовыя прадукты добрай якасці абмяняць і вярнуць нельга!

Са спісам нехарчовых тавараў, якія пры наяўнасці належнай якасці вярнуць і абмяняць нельга, можна азнаёміцца тут.

Ці абавязкова вяртаць упакоўку

Зазвычай пытанне абавязковасці захавання ўпакоўкі з’яўляецца не менш актуальным, чым пытанне наяўнасці чэка. Дык што рабіць з упакоўкай?

Паводле заканадаўства, у выпадку вяртання альбо абмену тавару належнай якасці, купец абавязаны вярнуць гэты тавар у той спажывецкай упакоўцы, у якой тавар быў прададзены. Гэтае патрабаванне замацавана ў найноўшай рэдакцыі закона Беларусі аб «Аб абароне правоў спажыўцоў» (арт. 28, п. 2)

У той жа час

для выпадкаў, калі вяртаецца тавар неналежнай якасці, наяўнасць спажывецкай упакоўкі з’яўляецца неабавязковай.

Улічваючы тое, што ў выпадку адсутнасці чэка менавіта ўпакоўка можа дапамагчы даказаць, што тавар быў набыты ў канкрэтнага прадаўца, лепш не спяшацца выкідваць яе.

Ці мае права прадавец патрабаваць пашпарт

Паводле найноўшай рэдакцыі закона аб «Аб абароне правоў спажыўцоў» (арт. 16, п. 1), калі пры заключэнні дамовы куплі-продажу дадзеныя дакумента, што засведчвае асобу, не выкарыстоўваліся, то і ў выпадку вяртання тавару прадавец не мае права патрабаваць такі дакумент ад кліента.

Калі, купляючы тавар, вы пашпарт не паказвалі, то і пры вяртанні гэтага тавару паказваць пашпарт не абавязаныя.

Прыемных набыткаў! І няхай веданне сваіх правоў дапаможа пазбегнуць непрыемных сітуацый.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?