8 кастрычніка працягнуўся суд па справе аб смерці салдата Аляксандра Коржыча. На пасяджэнні выступіў медыцынскі эксперт. Падрабязнасці прыводзіць партал tut.by.

Эксперт — Валеры Чучко, выкладчык кафедры судмедэкспертызы БДМУ.

Цела Коржыча знайшлі ў падвале, са звязанымі рукамі і нагамі. На галаве была майка. Гэтыя абставіны нярэдка выклікалі падазрэнні наконт таго, што хлопец не сам павесіўся. Маўляў, надта складана для самагубства.

Але Чучко паведаміў, што няма нічога дзіўнага ў сітуацыі, калі самагубца звязвае сабе рукі і ногі. Па яго словах, мудрагелістасць абставінаў наадварот, пацвярджае версію аб суіцыдзе. Майка, надзетая на галаву, таксама пацвярджае гэта. Маўляў, нярэдка самагубцы штосьці падкладваюць пад пятлю, каб пазбегнуць болю.

Але раней іншым спецыялістам агучвалася іншая версія.

«Па словах следчага, Коржыч расшпіліў кіцель, зняў майку, зашпіліў кіцель, завязаў шнуркі і надзеў на галаву майку. Для таго каб павесіцца, занадта шмат дзеянняў», — казала ў судзе псіхіятр ваеннага шпіталя Ніна Бубенчык, якая паставіла Коржычу дыягназ «здаровы».

Нагадаем, абвінавачаныя — трое маладых хлопцаў: Яўген Бараноўскі, Антон Вяжэвіч і Ягор Скуратовіч. Усе яны былі сяржантамі ў частцы, дзе служыў Аляксандр Коржыч. Іх судзяць за злоўжыванне ўладай, хабар і крадзеж. Сяржанты здзекаваліся з салдат, адбіралі грошы. Пацярпелых па справе больш за 50 чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?