Фота Вольгі Шукайла

Фота Вольгі Шукайла

Незаконны ўвоз зброі з Украіны — гэта не выдумка, заявіў генеральны сакратар Рады бяспекі Беларусі Станіслаў Зась. І ўмацаванне памежных застаў у суседняй краіне толькі палепшыць транзіт для людзей. Пра гэта Зась заявіў на міжнароднай канферэнцыі па барацьбе з тэрарызмам, якая сёння праходзіць у Мінску.

Не так даўно было прынята рашэнне ўзмацніць пагранзаставы ля мяжы з Украінай, у тым ліку з-за ўвозу зброі. Журналісты пацікавіліся, аб якім аб'ёме ідзе гаворка.

- Апошнія навіны глядзелі? Толькі сёння [сёння з'явілася інфармацыя аб 28 патронах у машыне ўкраінца], і паступае, паступае інфармацыя. Гэта значыць, не выдумка, на жаль. Асабліва не афішуюцца такія рэчы, бо трэба імі займацца — адкуль ідзе, куды ідзе, гэта ўжо аператыўная праца. Не магу сказаць дакладна па колькасці, але пра гэта нам паведамляюць і расійскія калегі — яны выяўляюць зброю, якая ідзе праз нас ім і наадварот. Працэс складаны.

Станіслаў Зась таксама адзначыў, што ўзмацненне застаў ля мяжы з Украінай — гэта працэс нармальнага ўладкавання мяжы.

- У нас працуюць пункты пропуску, і мы іх не закрываем, а наадварот — паляпшаем. Паляпшаем транзіт для людзей, якія з добрымі мэтамі і добрымі намерамі прыязджаюць да нас. Але мы хочам нармальна выбудаваць мяжу, каб падобных выпадкаў не было, — заявіў кіраўнік Рады бяспекі Беларусі.

Нагадаем, нядаўна Аляксандр Лукашэнка ўзняў пытанне аб перамяшчэнні ў Беларусь зброі і боепрыпасаў з Украіны: «Вельмі шмат мы канфіскоўваем зброі». Раней гэтым жа ён патлумачыў рашэнне ўмацаваць мяжу з суседняй краінай. Хоць у Дзяржпагранслужбе Украіны заяўлялі, што «ніякіх фактаў перамяшчэння зброі няма».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?