Работнікі ААТ «Някрашынскі» Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці ў аўторак раніцай не выйшлі на працу. Так людзі пратэставалі супраць звальнення дырэктара гаспадаркі Васіля Лаханскага. У сітуацыі разбіраўся Tut.by.

Васіль Лаханскі. Фота: «Чырвоны кастрычнiк».

Васіль Лаханскі. Фота: «Чырвоны кастрычнiк».

— Раніцай прыйшоў, паклаў ключы на стол і заплакаў, — распавядаюць працаўнікі. Яны не разумеюць, за што мог быць звольнены Васіль Пятровіч.

— Кажуць, што старшыні райвыканкама паскардзіліся даяркі: нібыта каровам не хапае корму — і менавіта за гэта яго выклікалі ў райвыканкам. Але гэта няпраўда, — кажа адна з работніц гаспадаркі. — Лепшага кіраўніка мы не бачылі. Пры ім мы сталі атрымліваць добрую зарплату. Механізатары маюць тысячу рублёў — і ўсіх усё задавальняла.

Людзі не пагадзіліся з рашэннем высокага кіраўніцтва і патрабавалі вярнуць дырэктара.

І, здаецца, вярнулі. Прынамсі пра гэта паведаміў старшыня райвыканкама Віктар Палуянаў.

— Адбылося непаразуменне. Ніхто не звольнены. Адбылася размова, імаверна, нас не так зразумелі. Зараз усе працуюць, пастаўленыя задачы. Усё добра, — запэўніў кіраўнік раёна.

Сам звольнены і адноўлены дырэктар у гутарцы з Tut.by таксама назваў сітуацыю непаразуменнем. «Магчыма, мы не так адзін аднаго зразумелі», — выказаў меркаванне Лаханскі. А затым раптам дадаў, што кіруе гаспадаркай ужо 19 гадоў і 4 месяцы — і быў узрушаны падтрымкай людзей. «Гэта лепш за ўсялякі ордэн», — прызнаўся Васіль Пятровіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0