На днях блізу ўкраінскай вёскі Дроздынь беларускія памежнікі спынілі прыкладна за 500 метраў ад дзяржаўнай мяжы аднаго ўкраінца без дакументаў. А праз некаторы час у той жа мясцовасці выявілі яшчэ дваіх.
— Убачыўшы памежнікаў, парушальнікі паспрабавалі схавацца. Падчас пераследу вайскоўцы былі вымушаныя зрабіць тры папераджальныя стрэлы з табельнай зброі, — прыводзіць «Медыя-Палессе» словы Міхаіла Бут-Гусаіма, афіцыйнага прадстаўніка пагранатрада Пінска.
Уцекачоў затрымалі, гэта былі ўкраінцы з вёскі Старое Сяло. Супраць іх складзена некалькі пратаколаў, у тым ліку за непадпарадкаванне службовым асобам і незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы. Яшчэ мужчын аштрафуюць за няправільны збор журавін — ягады яны збіралі з дапамогай браканьерскіх «ручных камбайнаў».
Усяго за мінулы тыдзень на Століншчыне затрымалі 11 парушальнікаў з Украіны, якія незаконна перасеклі мяжу, збіраючы дзікарослыя ягады і расліны. Яны прыцягнуты да адказнасці і дэпартаваныя з Беларусі на 5 гадоў.