Адказ Сінода Рускай Праваслаўнай царквы па рашэннях Канстанцінопальскага патрыярхату адносна Украіны будзе адэкватным і жорсткім, сказаў у суботу журналістам прэс-сакратар патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла святар Аляксандр Волкаў з нагоды візіту кіраўніка РПЦ у Беларусь, паведамляе tass.ru.

Разам з тым Волкаў не змог сказаць, якія канкрэтныя рашэнні будуць прынятыя.

«Сінод выкажа недвухсэнсоўную пазіцыю адносна тых рашэнняў, якія былі прынятыя ў Стамбуле», - сказаў ён.

Прэс-сакратар патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі дадаў, што Украінская праваслаўная царква з'яўляецца адзінай кананічна прызнанай і працягне сваё служэнне.

На пасяджэнні сінода 9—11 кастрычніка Канстанцінопальскі патрыярхат «пацвердзіў рашэнне аб тым, што пачынае прадастаўленне аўтакефаліі Царкве Украіны і адмяняе рашэнне 1686 года аб пераходзе Кіеўскай мітраполіі пад юрысдыкцыю Маскоўскага патрыярхату».

Таксама было прынята рашэнне зняць анафему з кіраўнікоў дзвюх некананічных цэркваў на Украіне - Філарэта з Кіеўскага патрыярхату і Макарыя з Украінскай аўтакефальнай царквы. Было абвешчана аб жаданні вярнуць Кіеўскую мітраполію пад юрысдыкцыю Сусветнага патрыярхату.

Сінод РПЦ збярэцца 15 кастрычніка ў Мінску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0