Патрыярх Кірыл у Мінску. Фота радыё «Свабода».

У Мінску скончылася пасяджэнне Сінода РПЦ.

Па выніках Сінода ў РПЦ зрабілі афіцыйную заяву. Валакаламскі мітрапаліт Іларыён абвясціў, што РПЦ вымушана разарваць еўхарыстычныя дачыненні з Канстанцінопалем.

Ён паведаміў, што іншага рашэння прыняць не маглі, бо да гэтага вяла логіка адносін Канстанцінопальскага патрыярхата.

РПЦ лічыць дзеянні Канстанцінопаля наконт Украіны нікчэмнымі і некананічнымі.

Гэты крок РПЦ стаў адказам на рашэнне сінода Канстанцінопальскага патрыярхата даць аўтакефалію (незалежнасць) праваслаўнай царкве, якая ствараецца ва Украіне.

11 кастрычніка Канстанцінопальскі патрыярхат зняў анафему (адлучэнне ад царквы) з кіраўніка непрызнанай Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхата Філарэта і адмяніў дакумент 17 стагоддзя, па якім, як лічыць РПЦ, у яе юрысдыкцыю перадалі тэрыторыі цяперашняй Украіны.

«Царква, якая прызнала раскольнікаў, — выключыла сябе з кананічнага поля», — сказаў Іларыён.

Прадстаўнік РПЦ адзначыў, што Канстанцінопаль цалкам атаясаміў сябе з расколам.

Іларыён нагадаў, што Канстанцінопальскі патрыярх ужо раней «упадаў у ерась» і падпісваў унію з Рымам.

Сённяшняе рашэнне патрабавалі каноны, дадаў Іларыён.

Мітрапаліт Іларыён.

У РПЦ лічаць, што Канстанцінопаль не мае права прымаць апеляцыі ад іншых памесных цэркваў.

Таксама ў РПЦ спадзяюцца, што Канстанцінопальскі патрыярхат зменіць сваё рашэнне.

Простым людзям рэагаваць на гэтыя падзеі трэба спакойна, сказаў мітрапаліт Валакаламскі. РПЦ не зможа ладзіць сумесныя службы, літургіі, міране не здолеюць прычашчацца ў храмах Канстанцінопальскага патрыярхата.

«Наша Ніва» спытала, што азначае гэтае рашэнне для БПЦ?

Іларыён адказаў, што БПЦ, як частка РПЦ, далучаецца да рашэння, у паседжанні браў удзел патрыяршы экзарх мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?