Міндоўг: паказаў як
Міндоўг быў, канечне, герой. Ён і ўсе яго сваякі-супернікі — Таўцівіл, Транята, Войшалк — нагадваюць еўрапейскіх варварскіх каралёў якога-небудзь V стагоддзя. Готы, вандалы, бургунды — от там і гісторыі з выкраданнем жонак, і сітуацыйныя хрышчэнні, і забойствы разамлелых пасля лазні канкурэнтаў. Гэта значыць, што ў ХІІІ стагоддзі мы мелі семсот гадоў цывілізацыйнага адставання ад Захаду. Цяпер разрыў удалося скараціць у чатырнаццаць разоў. Ёсць падставы для аптымізму!
Чаго дамогся Міндоўг? Першаснай цэнтралізацыі ды іерархізацыі. Пасля Міндоўга пасланцы суседніх краін хоць бы разумелі, хто тут галоўны і з кім гаварыць. Параўнаем: у 1219 годзе на заключэнне міру з Галіцка-Валынскім княствам прыехала пяцьдзясят (!) літоўскіх правадыроў.
Калі б не арганізатарскія таленты Міндоўга, увогуле невядома, як склаўся б лёс нашага маляўнічага кутка Еўропы, у які не сунуліся нават манголы. Тое, што літва ім не скарылася, у адрозненне ад рускіх княстваў, заўжды ўздымала нацыянальны дух. Але будзем рэалістамі: манголы, якія заваявалі Кітай, запраста растаўклі б і нашы лясныя дружыны.Вось толькі — які сэнс? Прыбытку — нуль, славы — таксама. Полацкі князь некалі браў даніну з літвы хоць венікамі, а татары і ў лазні не парыліся… Праўда, залётныя атрады мангольскіх разведчыкаў і фуражыраў нашы продкі перамагалі. Калі, вядома, гэтыя народныя легенды — пра Батыевых, а не крымскіх татараў XVI стагоддзя.
Так, каб Міндоўг не задаў вектар далейшай цэнтралізацыі літоўска-беларускіх земляў і не паказаў, як гэта рабіць, па Дняпры ўжо ў XIV стагоддзі, магла б стаць, як у тым анекдоце, нямецка-кітайская мяжа. Але забяспечыць пераемнасць улады яму не ўдалося. І наступнікі аж да Віценя пераадольвалі гэтую інерцыю, рэжучы горла адзін аднаму. Ад некаторых нават імёнаў не засталося.
Міхал Гадлеўскі. Ягайла. 1863 год. Фота Wikimedia Commons.
Віцень: аўтар «Пагоні»
Пра Віценя таксама няшмат вядома, але ён асоба значная. Заснавальнік дынастыі, якую, праўда, назвалі Гедымінавічамі ад імя яго сына. Магчыма, Віцень быў кампраміснай фігурай, накшталт цара Міхаіла Раманава ў Маскве, якая дапамагла спыніць міжусобную разню. Пра высокі аўтарытэт сведчыць і легенда, што Віценя забіў пярун. Такая смерць у нашых продкаў-паганцаў лічылася знакам асаблівай міласці багоў.
Яшчэ Віцень «ізмыслі сабе герб», цалкам еўрапейскі — і з тых часоў мы пад «Пагоняй».
Гедымін: пакінуў велічныя руіны
Калі мы і маем магчымасць візуальна ўявіць веліч Вялікага Княства, дык толькі дзякуючы Гедыміну. Руіны замкаў рознай ступені захаванасці дастаялі да нашых часоў у Лідзе і Крэве («Замкі Беларусі» ды іншыя дзяржаўныя і недзяржаўныя праграмы дазволілі пааднаўляць многае, што ляжала разбуранае).
Гедыміну прыпісваюць і заснаванне Вільні — акрэсленай сталіцы ВКЛ і цэнтра прыцягнення беларускіх і літоўскіх земляў на наступныя пяцьсот гадоў.
Пра Гедымінавічаў напісана ніжэй.
Каралеўская пячатка Ягайлы 1389 года (копія). Фота Wikimedia Commons.
Альгерд: дзед з дзідай
Гэты вялікі князь грэе сэрца патрыёта сваімі трыма паходамі на Маскву і рытуальным прыніжэннем усходняга суседа — прыхінаннем дзіды да маскоўскай брамы. (Памятаеце легенду пра кіеўскага князя Алега, які прыбіў шчыт да варотаў Царграда?) Гэта супраць Альгерда ў Маскве экстрана будавалі белакаменныя ўмацаванні. Хоць узяць Крэмль 70-гадовы вялікі князь ні разу не здолеў — адкупляліся. Зрэшты, сэнс вайны ў тыя часы такі і быў: каштоўнасці, палонныя, коні, сена, запасы харчоў на наступны сезон.
Ці можна вялікіх князёў лічыць беларускімі? Нехта кажа, што беларусаў у ХІІІ—ХV стагоддзях не было. Дык і літоўцаў не было, і эстонцаў, і фінаў. Нацыі з’явіліся ў ХVIII—ХІХ стагоддзях. І «сваімі» яны могуць лічыць усіх дзеячаў, якія спрычыніліся да іх з’яўлення.
Ягайла: Хрысціцель
Гісторыкі мяркуюць, што Ягайла адпускаў бараду ў час аб’ездаў Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы, а ў Кракаве, — збрываў. На фота: фрэска ў замкавай капліцы ў Любліне. Фота Wikimedia Commons.
А вось ён якраз падаецца самым недаацэненым вялікім князем літоўскім. «Хітры», «хцівы», «здрадлівы» — паўтараем мы следам за «Хронікай Быхаўца», аўтарам якой быў палітычна ангажаваны дзеяч XVI стагоддзя. Жартачкі: забіў дзядзьку Кейстута, зняволіў брата Вітаўта. Але тут ён проста першы паспеў. Такія факты — хутчэй правіла, чым выключэнне ў біяграфіі кіраўніка тых часоў. Вітаўту ж даў уцячы, а мог пасадзіць на ланцуг у жалезнай масцы на сорак год, як некаторыя прагрэсіўныя заходнія каралі.
Ці можна злічыць, колькі ў славянскіх дзяржавах людзей з імем Уладзімір? Колькі ў Нарвегіі Олаваў? А ці ёсць у Беларусі хоць адзін Ягайла? Тым часам ён такі самы Хрысціцель, як Уладзімір Кіеўскі ці нарвежскі кароль Олаў І. У 1386-м Ягайла ў загадным парадку зрабіў каталікамі апошніх паганцаў Еўропы — жыхароў сучасных паўночна-заходняй Беларусі і Літоўскай Рэспублікі.
Ягайла першы асмеліўся прызнацца сабе, што паганская краіна ў цэнтры Еўропы не мае перспектывы. Яна вораг усім. Што тычыцца прагрэсіўнасці мыслення і стратэгічнага бачання, Ягайла падаецца на галаву вышэйшым за папярэднікаў і многіх нашчадкаў.
Гэтага якраз не хапала задушанаму па загадзе Ягайлы Кейстуту — смеламу рыцару і прынцыповаму паганцу. Быў бы хрысціянінам — абвясцілі б святым пакутнікам з такой біяграфіяй і цнотамі.
А як можна забыцца на Ягайлавы поспехі ў замежнай палітыцы? Крыжакі, якія на пачатку яго кіравання рабілі ў Жамойці тое ж, што Расія цяпер на Данбасе, былі разбітыя пад Грунвальдам, страцілі ўплыў і пры Ягайлавых унуках сталі васаламі ВКЛ. Польшча таксама перастала быць пагрозай, бо Польшчай зрабіўся сам Ягайла. З татарамі ён сябраваў і нават абяцаў узяць удзел у Кулікоўскай бітве на іх баку. Але прыйшоў пазней і абабраў пераможцаў.
І галоўную, паводле Генрыха VII Цюдора, справу караля Ягайла таксама зрабіў: пакінуў нашчадкаў. Ягелоны і вытворныя ад іх кіравалі ўсім рэгіёнам ад Швецыі да Венгрыі яшчэ тры стагоддзі. А Вітаўту не ўдалося даць сваё імя дынастыі.
Надгробак Ягайлы 1432 года ў Кафедральным саборы ў Кракаве. Фота Wikimedia Commons.
У Наваградку праектуюць помнік Міндоўгу, у Лідзе — Гедыміну, у вёсцы Пеляса Воранаўскага раёна стаіць драўляны Вітаўт, у Полацку — бронзавы Андрэй Альгердавіч, у Віцебску — сам Альгерд, прычым конны.
Вітаўт: ахвяра іроніі лёсу
От у гонар каго гатовыя называць дзяцей беларусы. Тым больш што хрысціянскае імя Вітаўта было Аляксандр.
Гэта самая раскручаная масавай культурай асоба яшчэ з часоў Вацлава Ластоўскага, аўтара народнай песні «Слаўся, князь Вітаўт, гаспадар на Літве». Вітаўт сёння — гэта і князь, і шампанскае, і электробус. Неўзабаве, думаю, будуць і вуліцы яго імя.
Энергічны, жорсткі і прагматычны Вітаўт зрабіў рэвалюцыю ва ўнутранай палітыцы. Пры ім ВКЛ пачало набываць рысы моцнай цэнтралізаванай дзяржавы. Вітаўт першы наважыўся здымаць удзельных князёў-анархістаў, не пераймаючыся іх рэакцыяй, і мяняць на лаяльных стаўленнікаў. Асабліва шэдэўральна гэта было ў стратэгічна важным Смаленску: вялікі князь узяўся вырашыць спрэчку нашчадкаў, паклікаў іх да сябе і выслаў к чортавай мацеры, а ў горадзе пасадзіў вернага чалавека.
Але пасля смерці Вітаўта ў ВКЛ кіравалі нашчадкі Ягайлы. Нашчадкі Вітаўта — іронія лёсу — кіравалі Маскоўскім княствам, куды ён аддаў замуж адзіную дачку.
Жыгімонт Кейстутавіч: кіназорка
Жыгімонт Кейстутавіч зусім не раскручаны сёння, у адрозненне ад роднага брата Вітаўта. Але маскультурны патэнцыял ёсць і ў яго. Хоць цяжка назваць Жыгімонта паспяховым дзеячам — змрочны, маніякальны, недамоваздольны, мядзведзяў любіў больш за людзей. Яго ўрэшце забілі качаргой змоўшчыкі ва ўласнай гасцёўні. Але згадзіцеся: які персанаж для гістарычнага блокбастара! А сыграць Жыгімонта мог бы Юрый Жыгамонт.
Жыгімонт Першы быў апошнім вялікім князем, які не займаў адначасова і польскі трон. Далей Вялікім Княствам і Польшчай кіравалі адны і тыя ж манархі. Як яны размяркоўвалі сілы і сімпатыі — гэта ўжо зусім іншая гісторыя.





