Дзяржаўны дэпартамент ЗША лічыць Украіну, Грузію і Беларусь «надзейным бастыёнам супраць расейскага неаімперыялізму». Пра гэта заявіў памочнік дзяржсакратара па пытаннях Еўропы і Еўразіі Уэс Мітчэл. Відэазапіс яго выступу апублікаваны ў твітары.

«Сёння нацыянальны суверэнітэт і тэрытарыяльная цэласнасць прыгранічных дзяржаў, такіх як Украіна, Грузія і нават Беларусь, з'яўляюцца тым надзейным бастыёнам, які абараняе ад расейскага неаімперыялізму», — перакананы Мітчэл.

Ён адзначыў, што ЗША хочуць бачыць краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы моцнымі саюзнікамі і партнёрамі і будуць змагацца за ўплыў у рэгіёне дыпламатычнымі і эканамічнымі метадамі.

«Геапалітычнае суперніцтва востра адчуваецца ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Ад Балтыйскага да Адрыятычнага мораў, ад Балканскага паўвострава да Каўказа супернікі Амерыкі пашыраюць свой палітычны, ваенны і эканамічны ўплыў», — заявіў ён пра дзеянні Расіі ў рэгіёне.

Яшчэ адным супернікам ЗША лічыць Кітай, які выкарыстоўвае ў Еўропе «дыпламатыю пазыковай кнігі». Гэтая тактыка — «несумленны гандаль, у тым ліку крадзеж інтэлектуальнай уласнасці, эканамічны шпіянаж і дэмпінг».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна