З турмы на Акрэсьціна пасьля адбыцьця 15 сутак арышту выйшлі Зьміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч і Павал Драздоў. Хлопцаў затрымалі 17 красавіка, калі яны ішлі ў будынак Маскоўскага суду Менску. Актывіст штабу Аляксандра Казуліна Павал Драздоў хацеў прысутнічаць на судзе ў Юрыя Радзівіла, а Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч – у справе дацэнта пэдунівэрсытэту Юрыя Бачышчы, якога з палітычных прычынаў звольнілі з працы. Маладафронтаўцы Артур Фінькевіч і Зьміцер Дашкевіч заявілі, што далучыліся да галадоўкі.

Палітвязьняў адпусьцілі на волю раней за вызначаны тэрмін. Зьміцер Дашкевіч выйшаў раней на паўтары гадзіны.

Артура Фінькевіча й Паўла Драздова міліцыянты адвезьлі ад будынку турмы на машыне. Артура высадзілі на вуліцы Сямашкі, а Паўла адвезьлі крыху далей. Артур вяртаўся на таксоўцы да брамы турмы, дзе яго чакалі паплечнікі – сябры незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт».

Хлопцы, нягледзячы на тое, што адзін адседзеў больш за тры месяцы ў СІЗА, а другі адбываў трэці запар арышт, трымаліся бадзёра й нават жартавалі. Гаворыць Зьміцер Дашкевіч:

(Дашкевіч: ) «Сядзелася – супэр! Як на курорце! У родных сьценах! Выходзіць не хацелася. Былі я і Фінькевіч. Фінькевіч вельмі шмат еў, пад’еў усе запасы сала… Мы нават пару дзён галадалі, але браты нам дапамагалі. Ён, наагул, жарэ… Я ня ведаю, як мы яго пракормім. Я ўжо стаўлю пад пытаньне існаваньне «Маладога фронту!» (Сьмяецца.)

(Карэспандэнтка: ) «Ты ж гэтую выбарчую кампанію амаль адтуль не выходзіш?»

(Дашкевіч: ) «Стаміўся ўжо. Але – ну што ж ты зробіш?»

Для Артура Фінькевіча ня стала нечаканасьцю тое, што яго пасадзілі ў міліцэйскі «варанок» у двары турмы.

(Фінькевіч: ) «Вывезьлі, каб не маглі нармальна нас сустрэць людзі. Можа, каб мы ня зладзілі нейкага мітынгу ці іншага масавага мерапрыемства. Я чуў, як дзяжурны хацеў выклікаць аўтобус АМАПу. Але ім АМАПу не далі, таму яны вырашылі нас вывезьці».

(Карэспандэнтка: ) «Калі параўнаць умовы ўтрыманьня ў СІЗА і на Акрэсьціна – дзе лепш?»

(Фінькевіч: ) «Умовы існаваньня – тут значна прасьцей сядзець, бо ведаеш, што адседзіш 15 сутак, і на гэтым усё скончыцца. Тут ужо родныя сьцены, ведаеш у твар кожнага супрацоўніка, і ён цябе. А ложак, бялізна ў нашых умовах – гэта не галоўнае».

Хлопцы адмовіліся ад чакалядак, якія ім прапанавалі дзяўчаты. Яны заявілі, што далучаюцца да галадоўкі й ня будуць есьці, пакуль грамадзкасьць не запатрабуе ад уладаў спыніць перасьлед моладзевых актывістаў.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0