У крытычныя дні трэба завітваць у кіно. У дзень нараджэньня былой жонкі я пайшоў на новага Джэймса Бонда.

Мяне як прадстаўніка рафінаванай беларускай інтэлігенцыі абсалютна не турбуе пытаньне храбусьценьня чыпсаў і голаснага трушчаньня папкорна падчас кінасэансаў. Бо ўсё адно тыя чыпсы і папкорн хутка сканчаюцца. Паводле маіх падлікаў, хвілін празь сем. Іх стае адно на рэклямны блёк, дзе гук і так павялічаны, і на самы-самы пачатак стужкі. Калямбія пікчарс прэзэнту... храбусь-храбусь... Іv цішыня. Я наагул ня ведаю нашто такі захуткі кайф — толькі грошы марнаваць. Іншая рэч — семкі, гэта ж вешч!

Усе ўсё ведалі наперад. Ён — бялявая шэльма, падпярэзаны «Узі» і «Амегай». Яна — балівійская шпіёнка: падсмажаная да храбусткай скарынкі ў галівудзкім салярыі Воля Кірыленка. Усе астатнія — дыктатары і маньякі агульнаплянэтнага маштабу і паталягічна хочуць сьмерці тандэму. Гэта ўсё — з фронту, у лоб. А зьлева: «Лёша, ты сьпіш? — Не, ня сплю, ты што — мы ж грошы заплацілі».

Сацыяльная карысьць такіх фільмаў відавочная.

Чалавек, які паглядзеў «Джэймса Бонда», забіваць ня пойдзе. Прынамсі да панядзелкавага вечара.
Нават калі ў яго пад ложкам напагатове кулямёт «максім». «Ну, хто я са сваім сьмешным трупам цешчы супраць гэтага Эвэрэсту целаў?». А там і глядзіш карпаратыўчык якісьці ў сераду вечарам вытанцоўваецца — зьяўляюцца іншыя стымулы ў беззаганным жыцьці незабойцы. Раніца ў чацьвер: забіць сябе хочацца значна больш, чым астатніх. Цудоўнае ўваскрашэньне ў пятніцу. Субота — сьвяты дзень паводле ўсіх рэлігіяў і нічога кепскага ў ім ня можа паводле азначэньня. А там і глядзіш — Sunday, I’m in love зноў. Тут галоўнае задача работнікаў мастацтва — у небясьпечным пункце чалавечага жыцьця своечасова падсунуць чарговага Бонда, антыкілера цёшчаў.

Нам утульна ў нашых фатэлях. А мастакам утульна ў іхніх. «Ну, што па дваццатым разіку «Брыльянтавую руку»?» — «Фі, не, мы толькі «Кін-дза-дза» і максымум восьмы раз». У сучасным мастацтве, як з просьбамі да Дзеда Мароза: хто што хацеў, той тое і атрымаў. У разумных межах, вядома. Ты просіш у мастацтва фільмец з разгэтакай машынкай у кадры ці супер-лялькай у галоўнай ролі, і асабліва запісваеш гэта на паперцы і перадаеш праз бацькоў, і сантакляўс-мастацтва — будзь спок — выканае. А якасную нямецкую дзіцячую чыгунку, што праносіцца праз глухія тунэлі нашага існаваньня? Хоць ты галавой сьценку — усё адно не атрымаеш. Максымум на закрытых праглядах для пяці чалавек. Гэта ж разумее кожны дзетсадавец сваімі яшчэ неакукленымі мазгамі.

Што далей скажуць амэрыканцы? Ну, прывітаньне! — яны ўжо ўсё сказалі. Нават самыя зацятыя ненавісьнікі ўсяго заакеанскага даволі хутка высьветлілі, што штатаўцы тут амаль што ні пры чым. Можна, вядома, па-дзіцячаму надзьмуць губы і з понтам прамовіць: «Яны першыя пачалі!», і гэта так, але... Але гляньце навокал. Культура служыць нам, выконвае нашыя хоцькі. Асабліва тут, дзе ўсё круціцца вакол дзіцячых мараў: пакупкі машынкі і фанатычных пошукаў адносінаў тыпу «прынц-прынцэса».

Праўдзівае мастацтва ёсьць то ёсьць. Там шмат чаго незразумелага, нязнанага, там імправізацыя, жывое жыцьцё, там мастак гуляе паводле сваіх, а не глядацкіх правілаў. І чыя віна, што той гатунак у масавым парадку пакінуў сёньня галерэі, канцэртныя залі і кінатэатры. А як ён не жадае, ці то ня можа даходзіць да публікі, і таму людзі ў моц сваіх здольнасьцяў бяруць яго рабленьне ў свае рукі. Здаецца, у фальклярыстаў гэта называецца побытавай культурай.

Культурны цэнтар краіны цяпер не ў Палацы Мастацтваў і нават не ў Палацы Рэспублікі. Ён на — будаўнічым рынку ў менскім мікрараёне Ўручча.
Такога шчырага натхненьня, сцэнаў такога напалу я даўно нідзе ня бачыў. У людзей, калі яны малююць пляны сваіх будучых інтэр’ераў моў паветраныя замкі, твары аквечаныя шчырым узьвівам фантазіі. Назіраць, як перад уваходам у палатку нейкая пара ў жанры пантамімы пачынае плянаваць яшчэ недабудаваны дом. Як карцінна, зусім не па-тутэйшаму кабеты кідаюць сваім партнэрам тэатральныя фразы: «Я — жанчына, і я тут вырашаю!» Тут кожнага чалавек зацягвае ў вір пачуцьцяў і стракатых лака-фарбаванай імпрэсіі. Там запраста можна перастрэць і Каліёпу са шпалерамі, і ўбачыць як увіхаецца Тэрпсыхора з фаянсавым бачком. І ідэальныя дэкарацыі — ахайна абабітыя сайдынгам крамы, а таксама прадаўцы рынку ў ролі масоўкі толькі дадаюць сюжэту драматычнасьці ці камічнасьці, каму што падабаецца. І вось антракт — зьняможана паваліцца на плястыкавае крэсла і ў тутэйшым тэатральным буфэце зьесьці порцыю crêpes з варанай згушчонкай. Другая дзея: танцы, сцэны з народнага жыцьця. Галоўны герой падыходзіць да гераіні і як бы фліртуючы, у форме жартаўлівай арыі прапануе ёй набыць італьянскую кухню зь бясплатнай дастаўкай на дом. І, тонучы ў штапіках і планках, усё роўна як абвешаныя букетамі прымадонны, мы, атрымалыя сваю порцыю культуры, вяртаемся дамоў. Карэту нам, карэту!

Маленькія трагедыі з будаўнічага рынку нагадалі мне яшчэ адну гісторыю. Пра майго дзеда. Ён быў такім жа (між)вольным мастаком. У свой час, калі «справа дактароў» распаўсюдзілася ня толькі на дактароў, але і на саміх работнікаў пракуратуры адпаведнай нацыянальнасьці, і дзед, звольнены з органаў, зрабіўся пазаштатным юрыдычным кансультантам на адным зь менскіх заводаў, да канца жыцьця заглыбіўшыся ў два заняткі, вядомыя сваім дабратворным уплывам на душу мужчыны: залёты і павышэньне ўласнага дабрабыту.

Акрамя гэтых дзьвюх рэчаў у дзеда было хобі — ён выбіваў ільготы.
Рэч у тым, што паводле савецкага заканадаўства інвалідам вайны (а дзед прайшоў усю вайну) акрамя дармавых праездаў у грамадзкім транспарце палагалася процьма ўсяго: цэлая сыстэм, як бы мы цяпер сказалі, зьніжак, шматлікія дарункі ад разнастайных арганізацыяў і г.д. Хіба мала хто з вэтэранаў, хто ведаў пра тое. У ліку нешматлікіх — мой дзед-юрыст.

Дзед выбіваў усё. Пасярод вясны ў нас у духоўцы расьцьвіталі калюмбійскія бананы, Куклачоў і ягоныя коцікі ўсьміхаўся толькі нам, дзедавым унукам, што сядзелі ў першых шэрагах; белыя цеплаходы забіралі нас на круізы па Залатым кальцы з выездам у акваторыю на Краснай плошчы. Калі б на палётах у космас была б квота для вэтэранаў ВАВ, дык я проста ўпэўнены, што менавіта мой стрыечны брат Аркаша зрабіўся б першым дзіцём-касманаўтам. Дзед, далёкі ад мастацтва чалавек, быў праўдзівым творцам, жанглюючы дэкрэтамі як цыркач. З натхненьнем строчачы доўгія лісты ў міністэрствы, з элегантнасьцю падсоўваючы корачку вэтэрана вайны, зь нязмушанасьцю творцы выбіваючы з чыноўнікаў усё, што яму палагалася. І заўважце, ніякага блату ці сваякоў у Саўміне. Хутчэй наадварот, усе супраць нашага дзеда, але ён ня шыла зь перцам. Сапраўднае мастацтва — яно трошкі на злосьць навакольнай несвабодзе. Не забуду яго найграную акторскую абыякавасьць, калі ён па прыходзе да нас дадому, даставаў перад нашымі захопленымі вачыма чарговага тлустага труса з капелюша. О так, гэта заслугоўвала аплядысмэнтаў!

Вядома, пры вялікім жаданьні і фантазіі ў сцэнках зь менскага будаўнічага рынку можна шукаць і знайсьці паралелі зь іншымі спаконвечнымі ліцьвінскімі забавамі: паляваньнем на янотаў, паходамі на Масковію. Але я настойваю на мастацтве. Хочацца, ведаеце, культурных параўнаньняў, чалавечных мэтафар. І як манархія, то прынамсі асьвечаная.

З усіх прафэсійных мастакоў рад(т)уе адзін Кадафі.
Сваёй шчырусенькай заангажаванасьцю ў цяжкіх думах пра лёс чалавецтва. Ён для сябе ўжо ўсё даўно рашыў: ён усёй душой за сілы Дабра і хоча прыносіць людзям толькі ўцеху. Збольшага сваім суайчыньнікам. Ну, і там, калі выпадзе выехаць за мяжу, дык і іншаземцам таксама будзе дазволена пагрэцца ў прамянях яго таленту рэжысёра-пастаноўшчыка культурна-масавых мерапрыемстваў. Паглядзіце яшчэ раз на ягоныя здымкі ў Менску, зробленыя Юляй Дарашкевіч. Гэта ж опэра, сымфонія, «Аіда» і «Выбраньніца» на адной сцэне. Хіба вярблюдаў у Ждановічы забылі падагнаць. Уперад, Кадафі! Задай, даражэнькі, гэтаму гідкаму Бонду, гэтаму гнюсотнаму Джэймсу Бонду, капітальную прачуханку, ату яго! Сьмерць фальшываму мастацтву!

Павал Касьцюкевіч

П.С. Выпярэджваючы рэклямы (большасьць зь якіх я дарэчы, сам і інсьпірую), хачу паведаміць вам, сяброве, што выйшла мая дэбютная кніга прозы, «Душпастарскія спатканьні для дачнікаў».

Глядзі яшчэ:
Рэцэнзія на Бонда Андрэя Расінскага

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0