«Многія дзяўчаты баяцца ездзіць у вандроўкі ў адзіночку, асабліва ва ўсходнія краіны. Лічаць іх небяспечнымі. Мы прапаноўваем збірацца кампаніямі і адпраўляцца ў падарожжы па правераных намі маршрутах», — тлумачаць стваральніцы.
Крысціна, стваральніца праекта.
Дзявочнікі ладзяцца толькі там, дзе Крысціна і Таццяна пабывалі самі, прычым у маршрутах — нетыповыя, так званыя нетурыстычныя месцы. Пакуль што асноўнымі кірункамі з’яўляюцца Турцыя і Кітай (там абедзве дзяўчыны доўгі час жылі, Крысціна нават добра валодае кітайскай мовай), але ў найбліжэйшых планах — запрашаць з сабой людзей у Непал, В’етнам і іншыя краіны.
«Усе, напэўна, прывыклі асацыіраваць тую ж Турцыю выключна з пяцізоркавымі гатэлямі і адпачынкам на пляжы. Але мы паказваем краіну з іншага, не менш прывабнага боку. Чаго толькі варта наведванне турэцкай лазні і прагулка па Басфоры на караблі!» — расказвае арганізатарка Крысціна Цімафеева.
«Ніна»: Чаму вы арыентуецеся менавіта на жанчын? Чаму мужчынам нельга з вамі ў вандроўкі?
Крысціна Цімафеева: У кожнага праекта павінна быць свая разынка, і наша якраз у гэтым. Падарожжы-дзявочнікі — новы, нетыповы для Беларусі кірунак.
Існуе шмат кампаній, якія арганізоўваюць розныя падарожжы толькі для мужчын, мы ж хочам сабраць вакол сябе ідэйных, неардынарных дзяўчат, якія імкнуцца да перамен у жыцці. Нашы падарожжы не пра тое, каб проста з'ездзіць у краіну, гэта і розныя майстар-класы, сустрэчы і гутаркі, накіраваныя на развіццё. Некаторыя псіхолагі лічаць, што адпачынак адзін ад аднаго ідзе на карысць адносінам. Ды пагадзіцеся самі: кожнай з нас часам жыццёва неабходны добры адпачынак і перазагрузка пазітывам, натхненнем і новымі ўражаннямі. Толькі ў кампаніі дзяўчат з такімі самымі мэтамі мы зможам адпачыць ад хатніх спраў, мужа, дзяцей і іншага.
«Ніна»: Чым вы лепшыя за шматлікія іншыя прапановы ў турыстычнай сферы?
КЦ: Ну, па-першае, з намі толькі дзяўчаты, паўтаруся. Мы сустракаем кожную з удзельніц нашага праекта ў аэрапорце.
Пры дапамозе нашых дзявочнікаў у першую чаргу нам хочацца дапамагаць з рэабілітацыяй, падняццем настрою, пашырэннем меж успрымання менавіта беларускам. Мы вандруем невялікімі групамі, шмат фоткаемся, усё адбываецца на сяброўскай хвалі.
«Ніна»: То бок гэта толькі для беларусак?
КЦ: Адна з нашых звышзадач — гэта адкрыць новы фармат падарожжаў для Беларусі. Паказаць, што аўтарскія падарожжы нашмат цікавейшыя. Але далучыцца да нашых дзявочнікаў можна з любога кутка свету.





