Жанчына зрабіла таблічку з выдуманымі імёнамі, а потым прасіла грошы ў крамах у Паставах, Глыбокім і Шаркаўшчыне. Фота: прэс-служба Следчага камітэта

Жанчына зрабіла таблічку з выдуманымі імёнамі, а потым прасіла грошы ў крамах у Паставах, Глыбокім і Шаркаўшчыне. Фота: прэс-служба Следчага камітэта

Суд Шаркаўшчынскага раёна прысудзіў 40-гадовую жанчыну да 1 года і 9 месяцаў папраўчых прац за замах на махлярства. Жанчына хлуснёй выманьвала ў людзей грошы нібыта на аплату пахавання і рытуальных тавараў для памерлых сваякоў. Пра гэта паведамляе прэс-служба суда.

Жанчыну абвінавачвалі ў тым, што з лютага па сакавік яна падманам атрымала і спрабавала атрымаць грошы і маёмасць нібыта на пахаванне і рытуальныя тавары для памерлых блізкіх сваякоў. Вядома, што жанчына пражывала ў Мінскай вобласці, але «працавала» ў суседняй Віцебскай, адкуль сама родам.

Усяго фігурантка разлічвала атрымаць 800 рублёў ад дзевяці чалавек. Але некаторыя адмовілі, у выніку каштоўнасцяў на 510 рублёў пазбавіліся сямёра. Пасля жанчына так і не кампенсавала людзям шкоду.

Змякчальнай акалічнасцю суд прызнаў поўнае прызнанне віны. Абцяжваючым стаў той факт, што злачынства было здзейснена ў стане алкагольнага ап'янення.

Жанчыну прызналі вінаватай у замаху на махлярства і прысудзілі да 1 года і 9 месяцаў папраўчых работ. Акрамя таго, суд вырашыў прымяніць прымусовыя меры бяспекі і лячэння ад алкагалізму па месцы жыхарства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0