Як паведамляе прэс‑служба прэзідэнта Беларусі, Аляксандр Лукашэнка заявіў 25 лістапада на нарадзе з актывам Віцебскай вобласці:
«Мы не можам адгарадзіцца «жалезнай заслонай» ад гэтых з’яў [сусьветнага крызісу] і павінны ўлічваць іх у сваёй працы».
Паводле слоў А.Лукашэнкі,
з’явіліся прагнозы, што наступны год будзе цяжкім, але для многіх дзяржаў ён стане часам уздыму, выхаду з крызісу.«Будзем спадзявацца, што мы не адстанем у гэтых адносінах, бо ў нас ёсць вялікі вопыт дзеянняў у цяжкіх сітуацыях», — дадаў ён. Ён лічыць неабходным перагледзець усе праграмы і мерапрыемствы, што намячаліся раней з у лікам дынамічнага развіцця краіны, і выканаць іх у запланаваным аб\’ёме за меншыя сродкі.
«Што да беларускага рубля, то сітуацыя абсалютна стрымальная. Сёння важна падтрымаць курс беларускага рубля. Яго абвалу не будзе,усё — у зададзеных параметрах, у тым ліку і гадавая дэвальвацыя», — заявіў А.Лукашэнка. Паводле яго слоў, у краіне назапашаны пэўныя рэзервы, насельніцтва давярае яе банкаўскай сістэме.
Ён таксама заявіў, што Міжнародны валютны фонд пазітыўна ацэньвае ўсе працэсы, што адбываюцца ў Беларусі, а дзяржава прыслухоўваецца да ўсіх заўваг МВФ. Пры гэтым, паводле слоў А.Лукашэнкі, Беларусь не мае намеру адмаўляцца ад моцнай сацыяльнай палітыкі, скіраванай на забеспячэнне справядлівай і дастойнай сацыяльнай абароны грамадзян. «Мы зробім усё, што тычыцца людзей, і найперш будзем арыентавацца на іх», — сказаў ён.
Ён падкрэсліў неабходнасць лібералізацыі ўсіх сфер жыцця ў Беларусі:«Мы павінны разняволіць чалавека, лібералізаваць наша жыццё, зрабіць яго больш свабодным для чалавека. Гэта вельмі важна ў сённяшняй сітуацыі». Паводле слоў Лукашэнкі, неабходна забяспечыць прастор у эканоміцы, «каб людзі маглі больш аператыўна і свабодна дзейнічаць, каб іх нічога не звязвала».
Завяршаючы нараду, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сваёй галоўнай задачай ён лічыць забеспячэнне правоў чалавека: «Абараняць правы людзей на дастойную зарплату, на тое, каб свабодна жыць і гаварыць тое, што чалавек думае, — вось галоўная задача прэзідэнта. Пра гэта і ўсе мы павінны заўсёды памятаць».