Апякунская рада Цэнтральнаэўрапейскага ўнівэрсытэту (ЦЭУ) абвясьціла аб пераводзе магістарскіх і доктарскіх праграм у адкрыты раней венскі кампус унівэрсытэту. Усе студэнты, якія пачнуць навучаньне ў 2019/20 акадэмічным годзе, ужо будуць вучыцца ў Вене, а не ў Будапэшце, піша Радыё Свабода.

Да такога рашэньня апякунскую раду вымусіла непадпісаньне ўладамі Венгрыі пагадненьня, якое зрабіла б магчымым свабоднае функцыянаваньне ЦЭУ ў Вугоршчыне ў якасьці амэрыканскай адукацыйнай установы, зарэгістраванай у адукацыйнай радзе штату Нью-Ёрк. Вугорскія ўлады афіцыйна не адмовіліся падпісаць пагадненьне, падрыхтаванае яшчэ ў мінулым годзе, але і ніяк не адгукаюцца на заклікі яго падпісаць.

Акрамя таго, паступовы пераезд у Аўстрыю выкліканы прыгнётам акадэмічных свабодаў у Венгрыі. На мінулым тыдні спэцыяльнасьці «гендэрныя дасьледаваньні» былі выключаныя са сьпісу ўхваленых урадам акадэмічных спэцыяльнасьцяў на падставе эканоміі сродкаў. ЦЭУ, хоць і не залежыць фінансава ад ураду Вугоршчыны, калі б застаўся ў краіне, быў бы вымушаны закрыць гэтую праграму.

У заяве апякунскай рады ўнівэрсытэту і яго рэктара Майкла Ігнацьева гаворыцца, што ЦЭУ будзе падтрымліваць дасьледчую і адукацыйную дзейнасьць у Будапэшцкім кампусе і працягне ўдзельнічаць у культурным жыцьці вугорскай сталіцы.

Цэнтральна-Эўрапейскі Ўнівэрсытэт — пасьлядыплёмная адукацыйная ўстанова гуманітарнай скіраванасьці — быў заснаваны Джорджам Сорасам у 1991 годзе. Адкрываючы ўнівэрсытэт, Сорас арыентаваўся на студэнтаў з постсавецкіх краінаў. Ён ставіў сваёй мэтай спрашчэньне інтэграцыі навуковых, культурных, палітычных і кіраўнічых элітаў «новых дэмакратый» у сусьветныя на аснове агульнай прыхільнасьці прынцыпамі лібэралізму і адкрытага грамадзтва.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна