Перад перамовамі з Аляксандрам Лукашэнкам у Гомелі ўкраінскі прэзідэнт сустрэўся з беларускімі ўкраінцамі, піша Радыё Свабода.
Каля гомельскага помніка паэту Тарасу Шаўчэнку Пятро Парашэнка заявіў, што беларуска-ўкраінская мяжа — гэта «мяжа дружбы».
«І ні ў якім разе мы не маем дапусціць, каб для Украіны па тэрыторыі Беларусі была любая пагроза, — сказаў Парашэнка. — Мы не чакаем, ведаем, што гэтага не будзе і, вядома, мы не хочам, каб Расія выкарыстоўвала Беларусь для таго, каб зайсці нам у фланг».
Парашэнка дадаў, што ў свой час ухваліў рашэнне па перамовах Трохбаковай кантактнай групы па Данбасе менавіта ў Мінску не проста так: не толькі каб спыніць «агрэсію Расіі», «незаконную анексію Крыма» і «ўварванне на ўсходзе», але і «каб адчуць тую падтрымку, якую нам дэманструе сёння свет» і «каб прыадчыніць вароты Еўропы для Беларусі».
На гэтай сустрэчы Парашэнка таксама расказаў, што беларускія ўкраінцы могуць «разлічваць на нас», бо ўкраінская эканоміка развіваецца, войска збудаванае, а неўзабаве будзе і свая царква. Беларускія ўкраінцы спелі з Парашэнкам гімн Украіны.