На экскурсіі для расійскіх турыстаў па Нясвіжскім палацы экскурсавод назвала беларускую мову «польскім дыялектам». Сведкам гэтага стаў фізік Ягор Лебядок, перадае «Еўрарадыё».
«Экскурсавод крыху сапсавала настрой («белорусский язык начал формироваться в середине XIX века», «белорусский язык — это диалект польского языка», «белорусский язык — крестьянский язык», «Статут ВКЛ написан на церковном языке или на старославянском языке» і т.п. трызненне», — дзеліцца ўражаннямі Ягор.
Падобныя заявы могуць пацягнуць разбіральніцтва па артыкуле 9.22 Адміністрацыйнага кодэкса — прэцэдэнты ўжо былі. За публічную знявагу дзяржаўнай мовы ў Беларусі можна атрымаць штраф да 245 рублёў ($120).
Экскурсія, пра якую ідзе гаворка, адбывалася ўдзень 25 кастрычніка. Каб разабрацца ў сітуацыі, Еўрарадыё звязалася з кіраўніцтвам запаведніка «Нясвіж».
«Усе экскурсаводы правераныя і ніякай адсябеціны быць не можа, — кажа дырэктар запаведніка Сяргей Клімаў. — Гэта дзікунства. Калі інфармацыя пацвердзіцца, дык супрацоўнік больш працаваць не будзе. У нас праводзіцца тэставанне супрацоўнікаў… Звальняем за меншае: той, хто глядзіць на гадзіннік і выправаджвае людзей з залаў, — адразу звальняецца».





